Адразу дзьве літаратурныя прэміі будуць уручаныя 7 сьнежня — імя Францішка Аляхновіча і імя Францішка Багушэвіча. Сумеснае ўганараваньне праходзіць у менскай кнігарні «Логвінаў». Заснавалькі прэміяў — Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-цэнтрам, яна прысуджаецца аўтарам, якія былі зьняволеныя ці знаходзяцца ў турме. Гэта палітвязьні, асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў, прафэсійныя пісьменьнікі, а таксама тыя, хто дэбютаваў за кратамі як літаратар. Тэматыка неабмежаваная — гэта могуць быць дакумэнтальныя і мастацкія творы, вершам і прозай, на беларускай і расейскай мовах, апублікаваныя і не.
Сёлета сярод намінантаў прэміі імя Аляхновіча — аўтары, якія вызваліліся альбо знаходзяцца цяпер у беларускай турэмнай сыстэме.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам і ўручаецца за выдатную гістарычную прозу — кнігі, якія спрыяюць нацыянальнай незалежнасьці і абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці.
Радыё Свабода плянуе весьці жывую відэатрансьляцыю з імпрэзы.