Намінаваць сябе ці блізкага чалавека на ордэн ці мэдаль можа кожны беларус.
«Ідэя ў тым, каб узнагародзіць людзей па выніках году за нейкія простыя чалавечыя дасягненьні на асабістым, сямейным ці працоўным узроўні. За тое, пра што не напішуць у СМІ», — кажа заснавальнік гурту Лявон Вольскі, які таксама зьяўляецца дызайнэрам узнагарод.
Агулам гурт прадставіў пяць узнагародаў: «Ордэн Зялёнага дуба», «Ордэн Дзеда Талаша», «Ордэн Міколкі Паравоза», мэдаль «За Калядны настрой», мэдаль «За нашу і вашу свабоду».
Як іранічна адзначаюць удзельнікі груту, «з 2015 году „Крамбамбуля“ жыве ў лесе. Натуральна, што там бракуе жалеза, таму ўзнагароды выраблены з дрэва».
10 гадоў пад забаронай: Уся храналёгія «Крамбамбулі» ў вялікім інтэрвію Лявона Вольскага
Каб намінаваць сябе ці каго іншага на ўзнагароду «Крамбамбулі», трэба да 17 сьнежня апублікаваць партрэтнае фота кандыдата ў сацсетках (Facebook, VK, Instagram, Twitter) і разам зь ім пераканаўчую гісторыю дасягненьняў у гэтым годзе, абавязкова дадаўшы хэштэг #krambambula2112, каб можна было адсачыць і сабраць усіх намінантаў.
Пяць пераможцаў вызначаць удзельнікі гурту. Кожны атрымае па два запрашальнікі на канцэрт і будзе ўрачыста ўганараваны першымі ардэнамі і мэдалямі ад гурту на сцэне.
Крамбамбуля — беларускі гурт, заснаваны ў 2002 годзе ў Менску Лявонам Вольскім ды музыкамі гурту Hasta la Fillsta. Гурт выдаў 6 студыйных альбомаў, гітамі сталі іх песьні «Госьці», «Турысты», «Абсэнт» ды іншыя. У 2015 годзе «Крамбамбуля» абвясьціла, што «сыходзіць у лясы»: пасьля шматлікіх забаронаў гурт вырашыў «займацца партызанскай дзейнасьцю», даваць хіба падпольныя канцэрты і выдаваць песьню-дзьве на год. Апошні з 2008 году сольны канцэрт гурту «Крамбамбуля» адбыўся ў чэрвені 2017 году ў Менску.