У Глыбокім пачалі вырабляць згушчанку «СОВОК». Але не для Беларусі

Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат на сваім афіцыйным сайце разьмясьціў інфармацыю, што пачаў сумесны праект з ААТ «БАЛТКОМ» па выпуску малака натуральнага згушчанага з цукрам у мэталічнай бляшанцы пад гандлёвай маркай «СОВОК».

Але беларусы смак «Саўка» не пакаштуюць — кансэрвы ідуць у Расею.

У аддзеле маркетынгу камбінату Свабодзе патлумачылі, што гэта ня новы прадукт, гэта звычайнае клясычнае згушчанае малако з масай тлушчу 8,5%.

«У бізнэсе даўно існуе такое паняцьце, як прасоўваньне прадукцыі пад уласнай гандлёвай маркай. То бок кампанія, якая жадае прасунуць сябе на рынку, ня маючы магчымасьці сама вырабляць прадукт, зьвяртаецца да вытворцаў, якія гэта робяць гадамі.

Таму кампанія „Балтком“ зьвярнулася да нас, гэта іхная гандлёвая марка, і проста наш прадукт расфасаваны ў іхную ўпакоўку. Такім чынам, гэта сумесны праект ААТ „Балтком“, якое даўно вырабляе і рэалізуе кансэрвы, і Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату».

Маркетоляг з Глыбокага дадала, што камбінат зацікаўлены ў прасоўваньні сваёй прадукцыі на самыя розныя рынкі сьвету.

«Балтком» — расейскі вытворца кансэрваў, разьмешчаны ў горадзе Савецку Калінінградзкай вобласьці ў свабоднай эканамічнай зоне. Слоган кампаніі — «У лепшых савецкіх традыцыях». Вырабляе мясныя кансэрвы пад гандлёвымі маркамі «Совок» і «Совпрод».