ЗША прызналі Ерусалім сталіцай Ізраілю

Сьцяг Ізраілю ў Ерусаліме

«Я вызначыў, што прыйшоў час афіцыйна прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю», — сказаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у заяве зь Белага дому. Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, такое рашэньне «даўно насьпела» і будзе ў інтарэсах Злучаных Штатаў.

Раней Трамп абвясьціў, што Злучаныя Штаты перанясуць сваю амбасаду з Тэль-Авіву ў Іерусалім. Пра гэта Трамп паведаміў падчас тэлефонных размоваў з лідэрамі Ізраілю, Палестынскай аўтаноміі, Саудаўскай Арабіі, Эгіпту і Ярданіі.

Аднак пераезд з прычыны тэхнічных і арганізацыйных праблемаў адбудзецца не раней, чым праз шэсьць месяцаў. Дональд Трамп падпісаў адпаведны дакумэнт, які адкладае пераезд.

Прэзыдэнт Францыі Эмаюэль Макрон ужо скрытыкаваў рашэньне Дональда Трампа, заявіўшы, што Францыя не падтрымлівае пазыцыю ЗША. Паводле Макрона, статус Ерусаліму мае быць вызначаны на перамовах паміж ізраільскімі і палестынскімі прадстаўнікамі.

Раней намеры Дональда Трампа рэзка скрытыкавалі лідэры арабскіх краінаў. Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Федэрыка Магерыні заявіла, што неабходна ўстрымацца ад любога кроку, які б мог падарваць будучыню мірнага пагадненьня паміж палестынцамі і ізраільцянамі.

Пераважная большасьць заходніх краінаў не прызнае Ерусалім як сталіцу Ізраілю. Палестынцы настойваюць на тым, што Ўсходні Ерусалім, які ўключае ў сябе стары горад, дзе сканцэнтраваныя рэлігійныя сьвятыні мусульманаў, хрысьціянаў і габрэяў, будзе сталіцай іх дзяржавы.