Помнік Давыду Гарадзенскаму разам з пастамэнтам вагою амаль у дзесяць тон і вышынёй болей за тры з паловай мэтры дастаўлены зь Менску ў Горадню. Дату ўсталяваньня вызначылі гарадзенскія ўлады.
Зь мячом і крыжам Эўфрасіньні Полацкай
Помнік складаецца зь дзьвюх частак: пастамэнту і самой скульптуры. Ён выкананы зь сьветла-шэрага башкірскага граніту. На пярэднім баку — суровы твар Давыда Гарадзенскага і галава ягонага вернага каня. У левай руцэ, прыціснуўшы да сэрца, князь трымае крыж Эўфрасіньні Полацкай, а ў правай — меч. У доле — гарадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага.
На тыльным баку — шчыт і Калоская царква, побач зь якой, паводле легенды, Давыд быў пахаваны. На пастамэнце надпіс:
«Славутаму продку, сыну Св.Цімафея (Даўмонта) і Прп. Марфы, мужнаму абаронцу Айчыны са шчырай удзячнасьцю ад нашчадкаў Гарадзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мецэната Карабача Анатолія Анатольевіча».
Працаваў над помнікам менскі скульптар Сяргей Аганаў — у конкурсе ягоны праект быў прызнаны найлепшым спаміж трынаццаці. Цяпер помнік на падворку храма Ўсіх Беларускіх Сьвятых.
Сымбаль абаронцы Горадні
З фундатарам помніка Анатолем Карабачом зьвязацца не ўдалося — ягоны тэлефон увесь час недасяжны. Вядома, што ён заснавальнік менскай фірмы «Хорс-Мотарс», родам з Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам. Помнік ствараўся пры падтрымцы Гарадзенскай праваслаўнай япархіі. Ейны прадстаўнік, айцец Андрэй Наздрын сказаў Свабодзе, што вельмі ўсьцешаны тым, што помнік урэшце даставілі ў Горадню.
«Вы нават не ўяўляеце, колькі давялося прайсьці розных інстанцый, каб атрымаць дазволы на ўсталяваньне помніка. Але з Божай помаччу нам гэта ўдалося», — кажа айцец Андрэй.
Айцец Андрэй дадае, што ў Горадні, на жаль, амаль няма помнікаў, якія ўслаўлялі б сапраўдных герояў і заслужаных дзеячоў. А вось помнік Давыду Гарадзенскаму, на яго думку, якраз сымбалізуе абаронцу Горадні.
«Помнік зрабілі дзеля таго, каб людзі ведалі сапраўдных гістарычных герояў, каб узгадвалі свае карані, каб ведалі гісторыю сваёй краіны і тое, наколькі нашы продкі былі вартыя, каб іх шанаваць».
Гэта будзе першы помнік, зьвязаны з гісторыяй Горадні
Помнік будзе ўсталяваны побач з гарадзенскімі замкамі на скрыжаваньні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай. Пастамэнт ужо падрыхтаваны.
Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч кажа, што гэта першы помнік за шмат гадоў, які па-сапраўднаму зьвязаны з гісторыяй Горадні.
«У нас вуліцы называюць дагэтуль імёнамі сакратароў парткамаў або старшынь калгасаў, а помнікі стаяць чужым людзям: Леніну ды Чапаеву. А вось помнік Давыду Гарадзенскаму павінен стаць пачаткам таго, што нам варта ўсталяваць помнікі Вітаўту, Баторыю, Аўгусту Панятоўскаму, Кастусю Каліноўскаму і іншым нашым героям».
Краўцэвіч з сумам дадае, што ў гістарычнай частцы гораду, які некалі быў каралеўскім, калі адкрываюцца новыя кавярні і крамы, ніхто і не падумае, каб назваць каторую ў гонар гістарычных асобаў альбо гістарычных падзеяў, якія адбываліся ў Горадні.
«У любым іншым эўрапейскім горадзе гістарычны каралеўскі дух бы панаваў, а ў нас няма кавярняў „У караля Стаса“ або „Апошні сэйм“. На Новым замку яшчэ дагэтуль вісіць герб Савецкага Саюзу», — кажа Краўцэвіч.
Помнік Давыду Гарадзенскаму адкрыюць у Горадні падчас фэстывалю нацыянальных культур — у першы тыдзень чэрвеня.
Давыд Гарадзенскі — сын нальшчанскага князя Даўмонта і княжны Марыі Дзьмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага.
- У 1305 годзе ён разам з Гедзімінам разьбіў каля Горадні войскі камэнданта Брандэнбургу комтура Конрада Ліхтэнхагена.
- У 1306 годзе ўзначаліў пасьпяховую абарону Гарадзенскага замку, які аблажылі 6 тысяч лёгкіх коньнікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваньнем комтура Кёнігсбэргу Эбэрхарда Вірнэнбурга.
- У 1314 разьбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і зьнішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю, чым парушыў тактыку крыжакоў, якія раней пры нападах на тэрыторыю ВКЛ трымалі склады харчу ў тыле.
- У веснавую паводку 1319 годзе на чале 800 вершнікаў заваяваў прускую вобласьць Вагенштоф.
- У 1322 дапамог Пскову ў барацьбе зь Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разьбіў пад яго сьценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэля. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія трымалі горад у аблозе 18 дзён, а потым разьбіў іх.
- У сакавіку 1324 г. тры нямецкія рыцары і 600 воінаў спалілі маёнтак Давыда, дзе забілі яго сямʼю і звыш 30 іншых жыхароў. У адказ Давыд арганізаваў паход войскаў ВКЛ на Мазовію.
- У 1326 годзе на чале атраду з 1200 коньнікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, і той па-здрадніцку забіў Давыда.
- Пахаваны Давыд, як лічыцца, каля сьценаў Барысаглебскага манастыра ў Горадні.