Жыхары Калодзішчаў, Міхайлавага Кута, Гарадка і блізкіх да іх дачных каапэратываў зьбіраюцца перадаць каля трох тысяч подпісаў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку, каб спыніць будаўніцтва экалягічна небясьпечнага, як яны лічаць, заводу «Амкадора».
Цяпер на месцы будоўлі новага заводу спэцыяльных машын — невялікае прадпрыемства «Дормашмет», якое належыць холдынгу «Амкадор». Тут плянуюць выпускаць каля 6 тысяч пагрузчыкаў за год. Дзеля новай вытворчасьці на месцы ляснога масіву ўзьвядуць сажалкі-выпарнікі з дрэнажным эфэктам.
Намесьнік дырэктара холдынгу «Амкадор» Сяргей Радаман сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў сажалкі будзе скідацца вада, чысьцейшая за тую, якая капае зь неба. А 132 тоны шкодных выкідаў у год — гэта, па яго словах, «нямнога». На прадпрыемстве кажуць, што экалягічная экспэртыза дазваляе ў Калодзішчах будаваць завод, і ён ня будзе шкодны.
Паводле намесьніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтру дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы пры Міністэрстве прыроды Андрэя Шахэмірава, тое, што жыхарам не даюць азнаёміцца з дакумэнтамі, — гэта права прадпрыемства. Маўляў, «прамысловага шпіянажу яшчэ ніхто не адмяняў». Паводле яго, гэты аб’ект не адносіцца да ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. То бок нават грамадзкіх абмеркаваньняў праводзіць ня трэба.
«Мы ня верым таму, што нам кажуць»
Мясцовыя жыхары не пагаджаюцца з довадамі прадстаўнікоў «Амкадору» і Міністэрства прыродных рэсурсаў. У сацсетках і на слупах у Калодзішчах вывешаныя іх прэтэнзіі да будоўлі.
2 сьнежня каладзішчанцы з плякатамі «„Амкадору“ не» сустрэлі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыку. Наведаўшы завод, міністар пагутарыў з трыма прадстаўнікамі незадаволеных каладзішчанцаў, сярод якіх была мясцовая жыхарка Ірына:
— Так, міністар да нас прыяжджаў. Сказаў, што прыедзе разабрацца. Запрашаў, што трое чалавек прыйдуць да яго на прыём і што пусьцяць на завод для размовы. Але ў выніку нас не пусьцілі і сказалі, што гэта проста рабочая паездка, каб паглядзець на месца, дзе будзе праводзіцца ўся гэтая будоўля.
— Значыць, міністар да вас ня выйшаў?
— Ён выйшаў пасьля таго, як наведаў завод, ён сюды не прыехаў. Выйшаў і сказаў, што завод будзе будавацца, але ён пастараецца, каб мы атрымалі дакумэнтацыю ад «Амкадору». То бок атрымаць так, як нам зручна. А нам зручна ў форме капіяваньня і фатаграфаваньня, бо мы хочам правесьці сваю незалежную экспэртызу. Мы ня верым таму, што нам кажуць. Бо нам яе ў прынцыпе не прадставілі і на сёньняшні дзень ня хочуць ісьці ні на якія размовы.
Мы ня верым таму, што кажуць. Бо нам не паказалі дакумэнтацыю
Кіраўніцтва «Амкадору» спачатку дало нам дазвол азнаёміцца з дакумэнтацыяй, потым сказалі, што мы ня маем права фатаграфаваць. Але гэтым яны парушаюць Орхускую канвэнцыю, якая дазваляе фатаграфаваць дакумэнтацыю ў любой форме, зручнай для фізычных і юрыдычных асобаў.
«Мы вельмі хочам, каб нас пачуў прэзыдэнт»
Карэспандэнт Свабоды сустрэўся зь мясцовымі жыхарамі ў Міхайлавым Куце, каля якога зьбіраюцца высекчы тры гектары лесу пад сажалкі-выпарнікі з дрэнажным (фільтравальным) эфэктам.
Мясцовая жыхарка Ірына кажа, што лес высекуць у стомэтровай зоне ад жылых дамоў.
«Што гэта за ноў-хаў? Бо ў нарматыўных дакумэнтах існуюць проста сажалкі-выпарнікі без усялякіх дрэнажных эфэктаў. Якія туды будуць выкідацца адходы, якая норма на іх? — кажа суразмоўца. — У нас такіх нарматываў няма. На падставе чаго зрабілі такую дакумэнтацыю, правялі экалягічную экспэртызу, ды яшчэ са станоўчым вынікам, мы таксама не разумеем. Тут будзе высякацца гэты лес, тут знаходзяцца расьліны, якія ўнесеныя ў Чырвоную кнігу».
Эколяг Ксенія кажа, што будуе дом побач зь лесам, які будуць секчы.
«Асноўная праблема, якую мы заўважылі ў дакумэнтах, — сажалкі-выпарнікі з дрэнажным эфэктам ня згадваюцца ў ніводным нарматыўна-тэхнічным дакумэнце Беларусі. Значыць, сюды можа зьлівацца ўсё што заўгодна. Праверыць ня будзе ніякіх падстаў. Бо гэта тэхнічнае збудаваньне, і норма выкіду на яго не распрацоўваецца», — тлумачыць Ксенія.
Яна кажа, што жыхароў падманваюць з інфармацыяй пра выкіды, канцэнтрацыю шкодных элемэнтаў, экспэртызу.
«Тут побач водазаборная сьвідравіна. І ў гэтай зоне ставяць сажалкі-выпарнікі. Усё гэта будзе праточвацца ў ваду. 80 тысяч кубоў будзе сыходзіць у зямлю. Пакажыце нам дакумэнты, што ўсё добра. Але дакумэнтаў гэтых няма», — абураецца эколяг.
Паводле Ірыны, у Калодзішчах разьмяшчаюць прадпрыемства вялікай структураўтваральнай значнасьці, якое будзе працаваць у тры зьмены, з грузапатокам больш за сто тысяч тон за год.
Мы вельмі хочам, каб нас пачуў прэзыдэнт
«Мы вельмі хочам, каб нас пачуў прэзыдэнт. Бо мы думаем, калі выдзяляўся гэты ўчастак, яму паднесьлі ня тую інфармацыю. Мы сабралі 1012 подпісаў і паслалі іх у райвыканкам. Іх не прынялі, яны не былі ўлічаныя. То бок прэзыдэнту не паказалі, што людзі супраць гэтага», — кажа жыхарка Калодзішчаў.
Яна дадае, што будоўля заводу ў камунальна-складзкой зоне парушае і ўказ прэзыдэнта № 165 ад 2003 году.
Мясцовая жыхарка Валяніцна Сазонава кажа, што дзеля новага заводу ў Калодзішчах будзе пашырана вуліца Менская, на якой стаяць дзіцячы садок, школа, жылыя дамы.
— У маленькім пасёлку хочуць зрабіць новую трасу паміж дзіцячым садком і школай. То бок поўнасьцю закрываюць кісларод для дзяцей, для жыхароў Калодзішчаў.
— Чаму тут нельга будаваць завод?
— Нельга будаваць завод толькі з той прычыны, што нашы дамы будаваліся больш за 30 гадоў таму. Тут было пустое месца, і ніхто не чапаў ніводнага дрэва, ніводнай сасны і елкі, каб паставіць калкі і ўзьвесьці дамы.
«Мы праспансавалі экалягічную катастрофу для сябе ж»
Мясцовыя жыхары выказаліся і наконт таго, што на будоўлю новага заводу «Амкадору» ў Калодзішчах Экспартна-імпартны банк Кітаю выдзеліў у ліпені крэдыт 192,7 мільёна даляраў ЗША. Агульны кошт праекту — каля 230 мільёнаў даляраў. Генпадрадчыкам выступіць кітайская Citic Construction.
Людміла, настаўніца з 40-гадовым стажам і пэнсіяй у 150 даляраў, сказала Свабодзе, што лес абараняе жыхароў і ад чыгункі, на якой апошнім часам павялічыліся грузапатокі.
— Вібруюць нашы дамы. Яны разваляцца проста, калі лес перастане нас
Колькі можна таптаць сваіх людзей? Мы тут хоць бульбу вырасьцім, з голаду не падохнем
абараняць. Гэта стогадовыя сосны, цудоўны лес, грыбы. Эўропа змагаецца цяпер за кожнае дрэва. Беларусь, калі міністар ня чуў такіх выразаў, гэта лёгкія Эўропы. І кожнае дрэва ў нашай краіне трэба абараняць.
Восем з паловай тысяч дрэваў зьбіраюцца высекчы. Тры гектары лесу зьбіраюцца высекчы. Дзеля чаго? Каб атрымаць нейкі кітайскі крэдыт? Каб дзяржаўныя грошы ішлі на карысьць прыватнага капіталу? Каб Шакуцін набіваў сабе кішэні разам з кітайцамі за нашы грошы? А мы тут будзем дыхаць брудам, пылам? Колькі можна губіць сваю краіну, губіць прыроду, таптаць сваіх людзей? Што мы ад гэтага маем? Пэнсію ў 150 даляраў. Мы тут хоць бульбу вырасьцім, з голаду не падохнем. Вы ў нас і гэта забіраеце. Колькі гэта можна цярпець?
— Калі ня пойдуць вам на саступкі і ня спыняць будоўлю, што будзеце рабіць?
Выйдзем сюды да лесу, абдымем кожнае дрэва і будзем стаяць насьмерць
— Выйдзем сюды да лесу, абдымем кожнае дрэва і будзем стаяць насьмерць. Не дазволім мы секчы гэты лес! Усіх беларусаў ужо паставілі на падножны корм. Яшчэ тут пад кітайцаў будзем прагінацца. Што, у «Амкадору» няма іншых пляцовак? Навошта лезьці на гэтую тэрыторыю, дзе нават па плошчы не зьмяшчаецца гэты завод? Колькі можна цярпець гэтую безгаспадарчасьць і тупасьць, некампэтэнтнасьць улады і чыноўнікаў? Сёньня адных пасадзілі, заўтра іншых паставілі. А краіна прападае. Міністар замест таго, каб прыйсьці паглядзець на елачку, на вожыка, пабег на «Амкадор». Што гэта за міністар?
Сябра мясцовага дачнага таварыства Ўладзімер Стэцко кажа, што вакол будучага заводу апынуцца каля 3 тысяч участкаў.
«Крэдыт кітайцы выдаюць пад заклад дзяржавы. Але я не даваў згоды, і ніхто з грамадзянаў не даваў, каб пад маю гарантыю на 94% прыватнае прадпрыемства „Амкадор“ будавала завод. Ён можа стаць стратным, і хто будзе аддаваць гэтыя мільёны? Мы, а потым мае дзеці і ўнукі. Чаму і навошта? У нас ва ўсіх павінны спытаць. Бо цяпер выходзіць, што мы праспансавалі экалягічную катастрофу для сябе ж», — кажа дачнік.
Навукоўцы — за захаваньне лесу
Паводле заключэньня Інстытуту экспэрэмэнтальнай батанікі НАН Беларусі, у лясным масіве, які плянуюць высекчы, знойдзеныя папуляцыі расьлінаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі і ў сьпіс прафіляктычнай аховы Чырвонай кнігі.
Навукоўцы выказаліся за захаваньне лесу як «важнага элементу для захаваньня біялягічнай разнастайнасьці прыроднага комплексу заказьніку „Юхноўскі“ і прылеглых тэрыторыяў».
Паводле іх, будаўніцтва заводу спэцмашын з рэканструкцыяй дзейнай вытворчасьці «Амкадор» прывядзе «да значных негатыўных наступстваў і элімінацыі папуляцыі рэдкіх і зьнікаючых відаў расьлінаў».
«Зноў дыхай дзярмом»
Каля будучага заводу апынуцца таксама лецішчы работнікаў Менскага трактарнага заводу.
«Мы ведаем, што такое трактарны завод. Калі адчыняеш акно, праводзіш па падваконьні — і ўся рука чорная. Нам неяк трэба было 150 мэтраў ад цэху выкапаць траншэю. Увесь грунт на паўтара мэтра быў насычаны алівай», — кажа адзін з былых трактаразаводцаў.
Завод — гэта калі адчыняеш акно, праводзіш па падваконьні, і ўся рука чорная
Ён ня супраць выселіцца адсюль у выпадку, калі новы завод «Амкадору» ўсё ж збудуюць: «Няхай кожнаму дасьць па 300–400 тысяч, і мы зьедзем адсюль».
«Мы працавалі сваімі рукамі, кожную цаглінку, кожную тону цэмэнту валаклі. І пасьля 30 гадоў будоўлі зноў дыхай дзярмом. Калі прыяжджалі чыноўнікі, я спытаў: а вы пабудаваліся б каля гэтага выпарніка? З задавальненьнем, кажуць. Як з такім чалавекам можна гаварыць?», — кажа адзін з былых трактаразаводцаў.
«Хаця б каб ён разабраўся»
Ірына Лапіцкая сказала Свабодзе, што ў сваім змаганьні супраць заводу, які лічаць экалягічна небясьпечным, каладзішчане ўжо стварылі каардынацыйны камітэт зь дзесяці чалавек.
«Зьбіраем подпісы, каб падаць калектыўны зварот да кіраўніка нашай дзяржавы, нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча. Мы лічым, што наступіў той момант, што мы павінны папрасіць яго як гаранта нашых канстытуцыйных правоў. Хаця б каб ён разабраўся», — кажа жанчына.
У міністэрстве — закрытая нарада
8 сьнежня ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва плянуецца закрытая нарада па пытаньні ўзьвядзеньня новага заводу «Амкадор» у Калодзішчах.