«Захаваньне даволі нізкіх тэмпаў эканамічнага росту зьвязанае са структурнымі недахопамі, якія стрымліваюць патэнцыял росту Беларусі і пагаршаюць стан унутранага попыту», — робяць выснову экспэрты.
Такім чынам, Беларусь застаецца ў зоне нізкіх тэмпаў эканамічнага росту. Але гэта не прысуд. Ёсьць рашэньні, канкрэтныя крокі, якія дазволяць Беларусі вярнуцца да вышэйшых тэмпаў росту, лічыць новы кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Аляксандар Крэмэр.
«Першая ўмова — гэта паляпшэньне ўмоваў для прыватнага прадпрымальніцтва. Другая — вырашэньне праблемы неэфэктыўных дзяржаўных прадпрыемстваў (у такіх сфэрах, як канкурэнтаздольнасьць, карпаратыўнае кіраваньне, закупы, прадстаўленьне крэдытных рэсурсаў. Трэцяя — укараненьне тэхнічных і арганізацыйных інавацый», — перакананы Аляксандар Крэмэр.
Складанай застаецца сытуацыя ў дзяржсэктары
Гэта адзін з фактараў, які будзе нэгатыўна ўплываць на рынак працы і патэнцыял росту эканомікі.
«Няпросты фінансавы стан і высокая закрэдытаванасьць прадпрыемстваў прывядуць да зьніжэньня здольнасьці кампаній, асабліва ў дзяржаўным сэктары, павышаць узроўні занятасьці», — лічаць эканамісты Ўсясьветнага банку.
Да таго ж працоўная міграцыя ў суседнія краіны можа прывесьці да скарачэньня колькасьці працоўнай сілы і стварыць дадатковы ціск на фонды сацыяльнай абароны і бюджэту.
Неабходна павышаць эфэктыўнасьць дзейнасьці дзяржпрадпрыемстваў. Нават у даволі пасьпяховых заводаў ёсьць недахопы ў пляне продажу, выхаду на новыя рынкі, узаемадзеяньня з замежнымі партнэрамі.
«Каб ажывіць эканамічны рост, неабходна павышаць прадукцыйнасьць працы. Калі Беларусь хоча павысіць узровень жыцьця — павінен быць рост прадукцыйнасьці працы. Простае павышэньне заробкаў, якое перавышае рост прадукцыйнасьці працы — нестабільнае», — выказаў меркаваньне Карліс Шмітс, старшы эканаміст Усясьветнага банку, які адказвае за Беларусь.
На думку кіраўніка прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Аляксандра Крэмэра, у справе павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі ёсьць два шляхі: прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і стварэньне аднолькавых умоваў для дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.
Рынак працы: дысбалянс паміж стабільна нізкім узроўнем беспрацоўя і дэкляраваным ростам занятасьці
Усясьветны банк не праводзіў дэталёвай ацэнкі рынку працы. Для сваіх справаздач, экспэртных ацэнак эканамісты карыстаюцца афіцыйнымі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
«Але мы бачым сыгналы, што сытуацыя на рынку працы складаная: афіцыйны ўзровень беспрацоўя не павышаецца, хоць узровень занятасьці, паводле Белстату, расьце. Гэта азначае, што дадзеныя не зусім карэктныя», — кажа эканаміст Кірыл Гайдук.
Рэкамэндацыі Ўсясьветнага банку — павялічыць долю прыватнага сэктару, што прывядзе да павышэньня занятасьці насельніцтва. Трэба глядзець не на працэнт беспрацоўя, а на тое, якая колькасьць насельніцтва занятая ў вытворчасьці.
Рызыкі пагаршэньня каньюнктуры
Экспэрты Ўсясьветнага банку адзначаюць некалькі асноўных рызыкаў, зьвязаных са зьнешнімі фактарамі:
- Вялікі зьнешні доўг — а каб яго пагасіць, патрэбна дарагое рэфінансаваньне. «Нягледзячы на тое, што першасны дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый скараціўся, вялікія патрэбы ў зьнешнім фінансаваньні (чакаецца, што выплаты, зьвязаныя са зьнешнім дзяржаўным доўгам, у 2018 годзе складуць 3,1 мільярда даляраў) па-ранейшаму ствараюць рызыку пашырэньня зьнешніх дысбалянсаў», — лічаць эканамісты Ўсясьветнага банку. Нафтагазавыя дамоўленасьці, заключаныя ў 2017 годзе, выпуск эўрааблігацый часова зьнізілі ціск на плацёжны балянс, але патрабуецца больш устойлівае рашэньне праблемы зьнешняга фінансаваньня.
- Беларусь адчувальная да валятыльнасьці паставак сырой нафты з Расеі і ваганьня ўсясьветных цэнаў на сыравіну. Зьмяненьні ў любым з гэтых аспэктаў могуць стварыць складанасьці з атрыманьнем дадатковых валютных паступленьняў, неабходных для абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу.
- Павышаныя рызыкі далярызацыі ў эканоміцы: 63% дэпазытаў народ трымае ў замежнай валюце
Станоўчыя фактары, якія адзначыў Усясьветны банк
- Рэальная заработная плата сёлета вырасла на 3,8%
- Беларусь дасягнула самага нізкага ўзроўню інфляцыі за апошнія гады: 5,3% у кастрычніку
- Зьнізіўся і стабілізаваўся ўзровень крэдытаў, якія не працуюць
- Станоўчы рост золатавалютных рэзэрваў.
У сакавіку будзе разгледжана новая стратэгія ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю
У сакавіку 2018 году Рада дырэктараў Усясьветнага банку разгледзіць новую краінавую стратэгію па ўзаемадзеяньні зь Беларусьсю да чэрвеня 2020 году, сказаў Аляксандар Крэмэр.
Акцэнт будзе зроблены на трох кірунках. Першы — дапамога Ўсясьветнага банку ў пытаньнях павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі за кошт разьвіцьця прыватнага сэктару і павелічэньня прадукцыйнасьці сэктару дзяржпрадпрыемстваў.
Таксама Ўсясьветны банк будзе разьвіваць супрацоўніцтва зь беларускімі ўнівэрсытэтамі, дапамагаць у павышэньні кваліфікацыі.
Трэці накірунак — падтрымка інфраструктурных праектаў, інвэстыцыі ў сэктар цэнтралізаванага ацяпленьня і водазабесьпячэньня.