Напярэдадні Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў расейскай алімпійскай камандзе выступаць у Пхёнчхане з фармулёўкай за «сыстэматычныя маніпуляцыі ў антыдопінгавай сыстэме».
За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Усё, што трэба ведаць пра допінгавы скандал
Выключэньне зробяць для «чыстых спартоўцаў», якія змогуць выступіць пад нэўтральным сьцягам. Іх прозьвішчы назаве спэцыяльная камісія МАК. Зь іх сфармуюць склад дэлегацыі «алімпійскіх атлетаў з Расеі», якія будуць выступаць пад нэўтральным алімпійскім сьцягам.
Удзельнічаць у Алімпіядзе, нягледзячы на палітычныя рашэньні
Напярэдадні зборная Расеі ў хакеі зьвярнулася зь лістом да кіраўніка краіны з просьбай дазволіць паехаць на Гульні і выступіць там пад алімпійскім сьцягам. Рэакцыя расейскага лідэра пакуль невядомая.
Для беларусаў пытаньне і адказ на яго маюць прынцыповае значэньне: у выпадку няўдзелу расейцаў іх месца зойме нацыянальная зборная Беларусі. Яна мае найвышэйшы рэйтынг сярод астатніх канкурэнтаў, якія не пераадолелі алімпійскую кваліфікацыю.
Пра тое, якія шанцы трапіць на Алімпіяду праз магчымы сыход з дыстанцыі расейцаў, з Радыё Сабода падзяліўся меркаваньнем адзін з самых вядомых беларускіх хакеістаў, у нядаўнім мінулым гулец і капітан нацыянальнай зборнай Аляксей Калюжны.
«Ці варта на нешта разьлічваць беларусам? — перапытвае Аляксей. — Я ўсё ж думаю, што на Алімпіяду паедзе зборная Расеі. На мой погляд, гэта будзе правільна. Таму што ўсе тыя эмоцыі, гатовасьць да байкоту ў большай ступені тыражуюць чыноўнікі. А для спартоўца Алімпіяда — гэта самае важнае мерапрыемства ў жыцьці, якое, магчыма, выпадае толькі аднойчы. Столькі рыхтавацца, столькі пакласьці сіл — і ўсё марна? За тое, што кімсьці з функцыянэраў зробленыя памылкі ў сыстэме, спартоўцы адказваць не павінны. Асабіста я прыхільнік таго, каб людзі ехалі і гулялі».
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даў зразумець, што выступ яго суайчыньнікаў пад нэўтральным сьцягам стане «прыніжэньнем для дзяржавы». Ці варта рэагаваць так катэгарычна, калі гэта ёсьць платай за відавочныя парушэньні Алімпійскай хартыі?
«Безумоўна, для спартоўцаў, асабліва тых, хто ўздымаецца на подыюм і бачыць свой сьцяг, значэньне ёсьць — найперш псыхалягічнае, — пагаджаецца Аляксей Калюжны. — Але калі ў выпадку пасьпяховага выступу тых жа расейцаў залунае сьцяг з алімпійскімі кольцамі, ніхто ня скажа, што гэта ў гонар кагосьці зь нейкай невядомай краіны. Усе будуць ведаць, адкуль пераможцы. Галоўнае тут уласныя, асабістыя адчуваньні. Бо ў чалавека будзе стымул прыкласьці яшчэ большыя намаганьні, каб даказаць: чыстыя атлеты павінны быць на Алімпіядзе, нягледзячы на ўсе палітычныя рашэньні».
Беларусы ў Паўднёвай Карэі як малаверагоднае разьвіцьцё падзеяў
Але калі форс-мажор усё ж здарыцца і тая ж хакейная зборная Расеі будзе вымушаная капітуляваць перад палітычнай воляй вышэйшага кіраўніцтва? Ці гатовая ўскочыць у алімпійскі цягнік каманда Беларусі?
Са спартовай гісторыі вядомы выпадак, калі ледзь не ў апошні момант абкладзеную санкцыямі футбольную зборную Югаславію на чэмпіянаце Эўропы замяніла Данія, якая ў выніку стала пераможцай турніру.
«Так, ужо стала хрэстаматыйным прыкладам, калі дацкіх футбалістаў выклікалі ледзь не з адпачынкаў, яны паехалі і выйгралі Эўра-92, — сьмяецца Аляксей. — Але гэта, ведаеце, хутчэй, выключэньне, якое толькі пацьвярджае правіла... Як ні круці, да спаборніцтваў такога ўзроўню трэба рыхтавацца. Наколькі мы можам быць рэальна гатовыя да Алімпіяды? Цяпер усе гульцы ўдзельнічаюць у чэмпіянатах КХЛ, экстралігі. Значыць, давядзецца нешта ў тэрміновым парадку думаць, ламаць графік, фактычна наноў выбудоўваць каманду. Але паўтаруся: для мяне гэта малаверагоднае разьвіцьцё падзеяў».
Любы варыянт разьвіцьця падзеяў не закране хіба тых хакеістаў, якія выступаюць у Нацыянальнай хакейнай лізе — босы НХЛ заявілі, што не зьбіраюцца спыняць рэгулярны чэмпіянат дзеля Алімпіяды. Адпаведна, разьлічваць на ўзмацненьне энхаэлаўцамі разьлічваць нельга — ні тым, хто выступае пад нацыянальным сьцягам, ні тым, хто пад алімпійскім.
На думку высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, прынцып калектыўнага пакараньня Расеі ёсьць несправядлівым — караць варта толькі тых, хто папаўся на допінгу. Таму абяцаюць, што рашэньне Масквы будзе «адпаведным абвінавачваньню».