Тут жа ёсьць адказ на пытаньне, ці патрэбны беларускамоўны «порнхаб».
Валярына Кустава, паэтка, літаратарка, сцэнарыстка, выкладчыца, аўтарка праграмы «Прыват» на тэлеканале «Белсат»
У ложку я цалкам беларускамоўны чалавек. Больш за тое — ня маю досведу расейскамоўнага каханьня ўвогуле. Так, прызнаваліся мне і па-француску, і па-ангельску, і па-ўкраінску. Але каб маё сэрца затрымцела — заўжды трэба былі беларускія словы. Памятаю нават, як аднойчы ў мяне ледзь ня здарыўся раман з адным беларускамоўным палітыкам, але калі перад самым адказным момантам ён перайшоў на расейскую мову — усё абламілася... І я сышла. Натуральна, мне хапае словаў, бо ў ложкавай мове я выкарыстоўваю ўвесь арсэнал, якому мяне навучыў — як пурыст! — мой сябар і выкладчык Юрась Бушлякоў. А таксама дарагі калега Зьміцер Саўка. Да таго ж не абыходзіцца бязь мілых наватвораў у гэтым кірунку. Некалі мяне надзвычайна ўразіў беларускамоўны адпаведнік «клітара» — «ласкацень». Праўда, яго ўжываю хутчэй у жарт, бо ён больш весяліць, чым узбуджае.
Зь літаратурных твораў я некалі пазычыла вельмі кранальныя сынонімы «машонкі» — напрыклад, «ядры» (здаецца, з твора Алеся Наварыча) і «яйчыкі» (палескі дыялект). Насамрэч, частку даведалася з мастацкай літаратуры, а частка неяк сама ў часе прыходзіла да галавы, а нечаму навучылі.
Назвы позаў звычайна неяк самі ў працэсе позы нараджаюцца. Інтуіцыя вядзе. Але ў прынцыпе не цураючыся агучыць пры патрэбе (хаця шчыра прызнаючы, звычайна, усё само сабой разумеецца) — «вершніца», «давай ззаду альбо сабачкам», «69», «на твары», «збоку» — усё ж проста...
Мне вельмі падабаецца фраза: «Хадзі да мяне». А яшчэ калі так, нібыта супакойваюць, кажуць «чшшшш». Я не аматарка надта размаўляць. Хіба што калі трэба нешта скарэктаваць ці хочацца паўтарыць нейкі момант, тады акцэнтую. Часам узрушвае, калі мужчына дзеліцца ўражаньнямі на першым ці апошнім этапе. Але ня трэба гаварыць увесь час, лепей рабіць. Яшчэ можна экспэрымэнтаваць (так экспэрымэнтавалі паэты Срэбнага веку) — чытаць вершы ў розных рытмах у часе прэлюдыі — у каго даўжэй не затрымціць голас. Я дык зрываюся, у мяне трымціць. «Шмаравідла»? Так, але таксама больш жартам. Можа, у паўзу, для гісторыі нейкай пацешнай, але не ў працэсе. У прынцыпе я ім не карыстаюся (як сродкам), хіба што для інтымных масажаў. Але тады кажу проста: «Заплюшчы вочы, зараз табе будзе файна...» А што выкарыстоўваю далей — «шмаравідла» ці ўжо што іншае, гэта мая справа. Не па кроках жа расказваць, што робіш.
Беларускамоўны «порнхаб» — неблагая ідэя. Але, думаю, па першым часе ён перадусім цікавіў бы людзей менавіта з філялягічна-гуманітарнага гледзішча. Насамрэч чым шырэйшы ўжытак у мовы, чым у больш прыватных, інтымных сферах яна ўжываецца — тым даражэйшая, раднейшая яна нам, беларусам, будзе, тым мацней будзем за яе змагацца.
Андрэй Завалей, 27 гадоў
Самы натхняльны досьвед разнамоўнага сэксу ў мяне зьвязаны з украінскімі хлопцамі. Зьнікае неабходнасьць ужываць каляніяльную мову, мы разумеем адзін аднаго вельмі добра, а моманты непаразуменьня хутчэй выклікаюць пазытыўныя, сьмешныя і пазнавальныя сытуацыі. Такія свайго кшталту моўныя курсы пад коўдрай. Той жа «гак» пераўтвараецца ў «кручок», і нават робіцца зразумелым паходжаньне розных словаў.
Мне вельмі падабаецца памяншальная форма слова «гак» — «гачок». Часам бывае важна дадаць крыху гумару да сэксу ці размовы аб ім, каб зьнізіць узровень напружанасьці, сораму і няёмкасьці. Дадаваць да сэксу элемэнты гульні — вельмі карысная і цікавая рэч. Якраз у тых выпадках ужываньне слова «шмаравідла» вельмі дапамагае. Але звычайна ўжываю запазычанае «любрыкант».
Што да назваў прыладаў, то мне прыходзіць да галавы толькі слова «саматык». Але вось яшчэ выразы, якія мне падабаюцца: «ты мяне ўзбуджаеш», «адсмаж мяне», «хачу ўзяць цябе зараз», «ты мяне натхняеш», «каханьне да цябе робіць мяне мацнейшым».
Сэкс — гэта таксама камунікацыя, але ж ёй трэба вучыцца. У нашым лякальным культурным асяродзьдзі сэкс застаеца сакралізаванай таямнічай зьявай. Ён прысутнічае ў публічнай прасторы толькі ў выглядзе сэксісцкай рэкламы, сэксуальных сцэнах у фільмах ды побытавых жартах. Пры дапамозе сэксу можна прадаваць тавар, можна рабіць хайп (напрыклад, была навіна пра лідэрства беларусаў сярод праглядальнікаў порна My Little Pony), але пра яго ні ў якім разе нельга размаўляць шчыра і канструктыўна. Гэта прыводзіць да сэксуальнага гвалту і іншых траўматычных сытуацыяў. Недахоп словаў — вельмі сур’ёзная праблема, бо нас ніколі не вучылі размаўляць пра сэкс на хоць-якой мове. Як дамаўляцца аб правілах і абмежаваньнях загадзя, як шчыра прамаўляць свае жаданьні, што такое згода, як не ўчыніць гвалту і не парушыць асабістых межаў іншага чалавека. У мяне, напрыклад, былі нават такія сытуацыі, калі я займаўся сэксам з чалавекам проста таму, што не хацеў пакрыўдзіць яго, ня маючы пры гэтым сапраўды моцнага жаданьня. Мне тады падавалася, што калі ўжо ў нас дайшло да прэлюдыі, я мушу давесьці працэс да канца, бо будзе груба з майго боку сказаць: «Дзякуй, але я не хачу працягваць, мне не падабаецца тое, што адбываецца».
Абмеркаваньні правілаў перад сэксам, гэтаксама як і пытаньні, просьбы і заявы аб сваіх пажаданьнях падчас сэксу, ёсьць важнаю часткаю эмацыйнага камфорту кожнага чалавека. Гэтага немагчыма дасягнуць моўчкі, бо тэлепатыя пакуль не настолькі пашыраная зьява. Калі параўноўваць беларусаў з іншаземцамі, відавочна, апошнія значна больш дзеляцца эмоцыямі падчас сэксу, выказваюць задавальненьне, дзеляцца ўражаньнямі наўпрост у працэсе, і гэта, вядома, шмат пра што гаворыць — пра агульную адкрытасьць і свабоду. Калі я камунікую са сваім партнэрам па-ангельску, мне таксама значна прасьцей выяўляць пачуцці словамі падчас сэксу, гэта рабіць чамусьці здаецца больш натуральна, чым на роднай ці калянізатарскай мове.
П., 29 гадоў
Лексыка — праблемнае пытаньне ў «беларускамоўным» сэксе. Магу, бадай што, узгадаць кнігу «Беларускі эратычны фальклор» і моўныя курсы «Мова ці кава», што былі некалькі год таму. Адной з тэмаў заняткаў было «Каханьне і сэкс». Менавіта там я даведаўся пра беларускую лексыку, зьвязаную з сэксам.
Сэксуальная адукацыя ў Беларусі — амаль заўсёды самаадукацыя, таму, на жаль, немагчыма казаць пра цалкам беларускамоўны сэкс. А падчас самога працэсу неяк не задумваесься наконт таго ці іншага слова ці назвы часткі цела, бо, ясная рэч, вы занятыя не лінгвістыкай, а любошчамі.
Наконт фразаў, якія ўжываюцца ў разгары самога акту, то, безумоўна, яны ўжываюцца, куды ж бязь іх. Яны дужа стымулююць партнэраў і размываюць межы сэксуальнага сораму, які, на жаль, яшчэ існуе ў Беларусі. Я таксама ўжываю гэтыя словы, але ўсё залежыць ад сытуацыі. Іншым часам хочацца ўжыць як мага «бруднейшае» слова, таму можа вырвацца слова і па-расейску, і па-ангельску.
Бывае, што падчас сэксу выкарыстоўваю польскія словы ці неяк іх перарабляю на беларускі манэр. Ці, напрыклад, можна дадаваць свае сэнсы ў звычайныя словы. Да прыкладу: «таўкціся, таўчы». Ёсьць яшчэ выраз «рэзаць», «парэзаў», «рэзаўся». «Парэзаў дзяўчыну», напрыклад. Ужываюць таксама слова «мачэта» — гэта дзяўчына, якая патэнцыйна хоча сэксу.
«Шмаравідла» я не ўжываю, зрэшты, мае знаёмыя таксама. Пра яго можа зайсьці гаворка кшталту: «О, па-беларуску будзе ня змазка, а шмаравідла», і то, калі яно ўсплыве ў галаве. Гэта тычыцца і прыладаў: я імі не карыстаюся, то й ня ведаю іхных назваў.
Ня ведаю, як «порнхаб», але беларускамоўнае порна патрэбнае дакладна. Мова мусіць ужывацца паўсюдна. Чаму б ня ў порна ці эротыцы? Мільёны людзей ва ўсім сьвеце глядзяць гэта, і ўявіце іхную рэакцыю, калі яны глядзяць такі відэакантэнт па-беларуску. Я думаю, быў бы сапраўдны фурор.
А., 27 гадоў
Асабліва не размаўляю пра сэкс, але слоўнікавага запасу дакладна не хапае. Памятаю, як хацела выказаць думку пра «похотливый» позірк, і прыйшлося сказаць трасянкай, бо «юрлівасьць» не адразу прыйшла ў галаву.
Слова «шмаравідла» пачула ўпершыню на «Нашай Ніве» і ўразілася. Нейкае яно, па мне, дзіўнае і ня вельмі прыемнае. Не карыстаемся «шмаравідлам» і цацкамі, таму ніяк не называем.
А беларускамоўны «порнхаб» не патрэбны, бо і так усё там зразумела, бяз словаў.
А., 24 гады
У сэксе па-беларуску мне нашмат лягчэй выказваць тое, што я хачу. Беларускую сэксуальную лексыку вывучыла пераважна на практыцы. Скажу болей, у пачатку — праз кібэрсэкс. У мяне было некалькі беларускамоўных онлайн-партнэраў, якіх я магла спытаць, як называюцца канкрэтныя позы, часткі цела і дзеяньні. Да таго ж ёсьць і давераныя сябры ды сяброўкі, зь якімі я раз-пораз размаўляю пра сэкс, дзелімся парадамі, досьведам. Усё на беларускай мове.
У сэксе, прызнаюся, я вельмі гучная і, мажліва, нават грашу шматслоўем. Люблю казаць/чуць падчас сэксу і пяшчотныя, і апісальныя, і брудныя словы. Я вельмі адданая партнэрка, часта пытаюся партнэра: «табе падабаецца так?», «табе добра?», «хочаш, каб я працягвала?». Люблю прасіць нешта рабіць, альбо проста «болей», ці «яшчэ». Таксама не баюся казаць, калі нешта мне не падабаецца, «пачакай, там балюча», «усё-ўсё, ня трэба так», «хопіць».
Люблю гаварыць партнэрам «я ад цябе вар’яцею», «ты мяне заб’еш ад асалоды», «ты неверагодны», альбо проста «вельмі добра, працягвай так».
Мне здаецца, ведаю ўсе словы, якія мне патрэбныя, і мне не прасьцей выкарыстоўваць іншыя мовы, каб выказаць нейкія жаданьні падчас сэксу. Хутчэй наадварот: было б вельмі цяжка ў такой інтымнай і інтэнсіўнай сітуацыі пераключацца з мовы на мову.
Я цікаўлюся сэксуальнымі тэхнікамі і перакладала некаторыя выразы. Альбо прыдумлялі для іх назвы разам з партнэрамі, бо яны самі ня ведалі, як тыя называюцца. Здаралася, ня ведалі, што яны існуюць. Некаторыя з гэтых выразаў я актыўна пашыраю: усё ж лягчэй, калі ведаем нейкую назву.
Менавіта таму вельмі патрэбны беларускі «порнхаб». Беларуская мова павінная быць паўсюль, а сэкс якраз ёсьць такой справай, першабытнай, прымітыўнай... Калі чалавек можа кахацца па-беларуску, значыць, мова ў яго, скажу трохі пафасна, у сэрцы. Яна — частка ядра ягонай асобы, псыхалягічнага «id», які кіруецца менавіта інстынктамі. Я заўважала ў аднаго з маіх былых партнэраў, што ў яго раз-пораз пераключаліся мазгі на расейскую, калі набліжаўся да аргазму. Гэта натуральна, гэта ня дзіва, бо ў такім стане мы ня думаем пра мову і яе чысьціню.
Z., 46 гадоў
Ёсьць некалькі цікавых для мяне адкрыцьцяў, зьвязаных з мовай і сэксам. У штодзённым жыцьці карыстаюся абедзьвюма мовамі. Перад і падчас першага беларускамоўнага сэксу была дадатковая эўфарыя і асалода ад таго, што ўсё так файна складаецца ў адно. І мова, і дзяўчына, і сэкс... Але пасьля прыйшло такое адчуваньне, што «паімеў таварышча па барацьбе».
Калі сэкс «двумоўны», гэта трохі замінае таму, хто горш ведае мову партнэра. Даводзіцца засяроджвацца на значэньні слова, уключаецца галава і зьбіваюцца адчуваньні. Таму я пераходзіў на мову партнэра.
Адзінае беларускае слова, якое падабалася расейскамоўным дзяўчатам больш за расейскі аналяг, — «смочкі». Ня ведаю чаму. А вось «шмаравідла» можа кожнага чалавека падштурхнуць да думкі, што скончыцца ўсё «расчленёнкай». «Пачакай, я вазьму шмаравідла, бэйба». Думаю, што для большасьці яно сугучнае слову «шмара».
Збольшага не карыстаюся зусім «анатамічнымі» тэрмінамі ні на якой мове. «Похва», «влагалище», «чэлес», «анус» — неяк гэта не рамантычна. Гэта замяняецца апісальна-алегарычнымі тэрмінамі. Жанчынам гэта больш падабаецца. На ўсякай мове.
Дарэчы, для мяне «губы» — гэта ўсе губы. А «вусны» — гэта толькі вусны, ня полавыя. З майго досьведу, спэцыфічная тэрміналёгія складае маленькую частку «мовы сэксу». Апісаньне свайго захапленьня партнэркаю, апісаньне атрыманай асалоды не патрабуе спэцыфічнай тэрміналёгіі. Гэта патрабуе выкшталцонай літаратурнай мовы.
О! «Выкшталцоная»! Вось яшчэ адно незаменнае для расейскамоўных жанчын слова. Калі пры апісаньні паставы жанчыны, асабліва ўжо аголенай, ужыць слова «выкшталцоная». А пасьля яшчэ сказаць, што гэта не перакладаецца... Дзіўна, але неяк невытлумачальна ўплывае.
Каб быў беларускамоўны «порнхаб», то пры патрэбе заходзіў бы толькі на яго. Хаця першыя разы глядзеў бы як кіно, ацэньваючы рэплікі, сюжэт.