Кент падкрэсьліў, што, як наступства гэтага рашэньня, «дзейнасьць нашай арганізацыі ў Расеі можа быць паддадзеная яшчэ вялікім абмежаваньням. Канкрэтнай інфармацыі пра гэтыя абмежаваньні пакуль няма».
«Мы будзем уважліва сачыць за ўсімі паведамленьнямі зь Мін’юсту і іншых органаў расейскай улады, якія тычацца нашай кампаніі. Адначасова мы працягнем нашу журналісцкую працу ў інтарэсах падаваньня дакладнай і аб’ектыўнай інфармацыі нашай рускамоўнай аўдыторыі», — дадаў прэзыдэнт РСЭ/РС.
5 сьнежня Міністэрства юстыцыі Расеі апублікавала сьпіс сродкаў масавай інфармацыі, якім прысвоены статус «замежнага агента». У яго ўнесены Голас Амэрыкі, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС), мэдыяпраекты расейскай службы Радыё Свабода «Фактографии» і «Сибирь.Реалии», тэлеканал «Настоящее время», татара-башкірская служба Радыё Свабода, мэдыяпраекты «Idel.Реалии», «Кавказ.Реалии», «Крым.Реалии».
У канцы лістапада ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе ўладам аб’яўляць сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, «замежнымі агентамі». Такія СМІ павінны даваць справаздачу перад Мін’юстам пра сваю працу і маркіраваць сваю прадукцыю, хоць дакладная практыка гэтага не растлумачана.
Рашэньне аб унясеньні паправак, якія абмяжоўваюць працу замежных СМІ ў Расеі, прагучала пасьля таго, як фінансаваны Масквой тэлеканал RT заявіў, што выканае патрабаваньні амэрыканскіх уладаў аб рэгістрацыі свайго падразьдзяленьня ў ЗША як «замежнага агента».
Прадстаўнікі ЗША неаднаразова падкрэсьлівалі, што амэрыканскі закон аб замежных агентах значна адрозьніваецца ад расейскага і ніяк не абмяжоўвае свабоду інфармацыі.