Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што ў 2017 годзе рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) павінен скласьці ня менш за 2%, а ў 2018 годзе — 3,5%, паведамляе БЕЛТА.
Як сказаў міністар, па выніках 2017 году павялічыцца вытворчасьць прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, назіраецца рост у гандлі і падзеньне ў сфэры будаўніцтва.
Зіноўскі адзначыў, што рост ВУП на 3,5% у 2018 годзе будзе «надзвычай цяжкай» задачай: трэба забясьпечыць годны заробак, рост прыбытку і пэнсій. Дзеля гэтага неабходны рост «ва ўсіх сфэрах эканомікі».
«Прамысловасьць ужо выйшла з рэцэсіі, наша прадукцыя патрэбная ў сьвеце, безумоўна, трэба больш вырабляць і прадаваць, — сказаў міністар. — Створаныя ўсе ўмовы для выкананьня заплянаваных паказчыкаў у сельскай гаспадарцы. Ёсьць перадумовы для паляпшэньня сытуацыі ў будаўнічай галіне».
Зіноўскі прапануе «ўзяць нармальныя тэмпы працы на пачатку году, каб не наганяць у другой палове».