Урады Беларусі і Расеі ўзгаднілі балянс паставак расейскай нафты ў Беларусь у 2018 годзе. Аб’ём паставак — 24 мільёны тон нафты за год. Гэта амаль на 6 мільёнаў тон больш, чым у 2016 годзе, у разгар беларуска-расейскай «нафтагазавай вайны».
«Балянс зьвярстаны, усё так, як і меркавалася — 24 мільёны тон», — заявіў сёньня намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Кірыл Маладцоў, якога цытуе ТАСС.
Такія ж аб’ёмы нафты будуць пастаўляцца Беларусі да 2024 году. Беларускія ўлады называюць дамоўленасьць «выгадным пагадненьнем». Мыта з экспарту нафтапрадуктаў 6 мільёнаў тон нафты будзе ісьці ў беларускі бюджэт.
Пры поўнай загрузцы Мазырскі і Наваполацкі НПЗ могуць перапрацоўваць 24 мільёны тон нафты за год.
У 2015 годзе Беларусь закупіла ў Расеі 22,919 мільёна тон сырой нафты, 513 тысяч тон нафтапрадуктаў (паліва), а таксама невялікую колькасьць іншых прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Сумарны аб’ём імпарту нафты і нафтапрадуктаў у 2015 годзе — 24,645 мільёна тон.
У 2016 годзе Расея паставіла ў Беларусь 18,148 мільёна тон нафты — на 20,3% менш у параўнаньні з 2015 годам. Такое скарачэньне паставак было выклікана нафтагазавай спрэчкай паміж Масквой і Менскам — Беларусь адмаўлялася пагашаць пазыку за газ у памеры больш як 280 мільёнаў даляраў.
Толькі праз скарачэньне паставак расейскай нафты беларускія НПЗ страцілі ў 2016 годзе каля 1,2 мільярда даляраў валютнай выручкі. Яшчэ 1,65 мільярда даляра беларускія заводы летась страцілі праз пагаршэньне цэнавай кан’юнктуры на экспартных рынках нафтапрадуктаў.
Пасьля вырашэньня нафтагазавага канфлікту ў красавіку 2017 году Расея аднавіла пастаўкі нафты ў Беларусь у тых аб’ёмах, якія зацьверджаны падпісаным раней пагадненьнем, то бок 24 мільёны тон на год.