5 сьнежня адзначае 70-гадовы юбілей Алесь Разанаў — пісьменьнік, перакладчык. Гэта сёньня ён прызнаны паэт-наватар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі «Залаты апостраф». А на пачатку творчага шляху ягонае прозьвішча ў ідэалягічных цыркулярах фігуравала з пазнакай «парушальнік акадэмічнага спакою».
Ярлык «нацыяналістаў» за права навучацца па-беларуску
У 1966-м Алесь Разанаў паступіў на філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, а праз два гады апынуўся ў самым цэнтры скандалу. Разам зь сябрамі Віктарам Ярацам і Львом Барташам яны склалі ліст у ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Пад лістом падпісаліся некалькі сотняў чалавек. Студэнты патрабавалі выкладаньня на беларускай мове.
У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». А калі неўзабаве Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянцін Тоўкун наведаліся ў Зэльву да Ларысы Геніюш, лёс завадатараў быў перадвырашаны. Разанава зь Ярацам, нягледзячы на выдатную пасьпяховасьць, выключылі з БДУ.
Пра крутыя віражы юбіляра Алеся Разанава згадвае паэт, грамадзка-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў берасьцейскай грамадзка-культурнай сябрыны «Край» Мікола Пракаповіч. Яны разам вучыліся спачатку на філфаку БПІ, а потым служылі ў войску.
«Зьвёў са сьвядомымі мастакамі, пазнаёміў з Барадуліным»
«Стала біяграфічным фактам, за што Алеся Разанава выключылі з БДУ — праз збор подпісаў за выкладаньне на беларускай мове... Да нас у Берасьцейскі пэдінстытут ён прыйшоў на трэці курс, вучыліся ў адной групе. Зразумела, што падтрымліваў сувязі са сьвядомай беларускай інтэлігенцыяй, да якой далучаў і сваіх калегаў і аднакурсьнікаў. Менавіта празь яго я пазнаёміўся і зь менскімі мастакамі, і ўпершыню трапіў у кватэру да Рыгора Барадуліна.
Гэта была нармальная чалавечая пазыцыя, якая папросту не ўкладалася ў тагачасныя ідэалягічныя рамкі. Нават сёньня гэта не ўспрымаецца як нешта надзвычайнае, але тады быў выбух. І каб не дапамога старэйшых аднадумцаў, ня ведаю, што было б з Разанавым, зь Ярацам. Хлопцы рызыкавалі не атрымаць адукацыі. Па тым часе справа была сур’ёзная».
«Каб не дапамога Танка, Разанаў застаўся б без вышэйшай адукацыі»
«Пасьля той гісторыі Віктар Ярац пайшоў на радзіму ў Гомель, Алесь Разанаў, адпаведна, на сваю радзіму — у Берасьце, бо сам зь Бярозаўшчыны. Ня ведаю, ці плянавалі так адмыслова — хутчэй за ўсё, пайшлі туды, куды ўзялі. Бо пасьля таго, як выключылі з самага галоўнага ўнівэрсытэту, шанцы на працяг вучобы з такім „кляймом“ былі мінімальныя.
Пашчасьціла, што рэктар БПІ Сяргей Гусак — чалавек глыбокай нацыянальнай сьвядомасьці і пагадзіўся яго ўзяць ледзь не пад асабістую адказнасьць. Ну, і шмат чаго было варта слова Максіма Танка, безумоўна. Не прыслухацца да ягонай думкі было немагчыма».
«Стаў духоўным лідэрам і прыкладам для перайманьня»
«Нейкай адкрытай „агітацыі“ з боку Разанава не было, але ў нас сама па сабе група падабралася нацыянальна сьвядомая, нікога ня трэба было ў гэтым сэнсе выхоўваць. Хлопцаў было меней, у асноўным дзяўчаты, усе вельмі дружныя, сапраўдныя аднадумцы.
Алесь на гэтым фоне быў нашым лідэрам. Ня толькі ў сэнсе маральнасьці. Шмат працаваў, старанна вучыўся, скончыў інстытут з чырвоным дыплёмам. Я б нават сказаў, што для групы ён стаў, без перабольшаньня, духоўным лідэрам, сапраўдным прыкладам для перайманьня».
«Мацяш дасылала ў войска «Літаратуру і мастацтва»
«Паэтам ён быў ужо падчас вучобы. Памятаю, як яшчэ студэнтамі сьвяткавалі выхад ягонай першай кнігі — сапраўдная падзея па тым часе. Гэта цяпер захацеў, заплаціў сам ці знайшоў спонсара — і выдаў. А тады была цэлая вяха.
Так атрымалася, што мы разам ня толькі вучыліся, а служылі ў адной армейскай частцы ў Расеі — чацьвёра аднакурсьнікаў трапілі ў адну частку, толькі ў розныя дывізіёны. Ліставаліся зь Нінай Мацяш, зямлячкай Алеся, яна нам рэгулярна дасылала „Літаратуру і мастацтва“. Ну, і зразумела, што пасьля нашы шляхі перакрыжоўваліся. Ня так часта, бо я ў Берасьці, ён у Менску. Але сувязі не губляюцца...»
«Танец з вужакамі» ад татальнай цэнзуры
Першы паэтычны зборнік Алеся Разанава «Адраджэньне» зьявіўся ў 1970 годзе. Яго зьмест быў істотна скарэктаваны — партыйныя цэнзары не маглі спакойна рэагаваць на ўслаўленьне герояў беларускай мінуўшчыны, што вынікала ўжо з самой назвы.
Наступная кніга вершаў пад назвай «Назаўжды» выйшла праз чатыры гады і адзначыла схільнасьць аўтара да паэтычнага экспэрымэнту, акцэнтаваньне ўвагі на філязофскіх праблемах.
Сьледам паўсталі зборы паэмаў-баладаў «Каардынаты быцьця» і «Шлях-360». Аднак путамі віселі ідэалягічныя абмежаваньні — перадусім кола дазволеных тэмаў і спосабы іх увасабленьня.
Тым ня меней Разанаў працягвае пісаць, займаючы пачэснае месца ў сучаснай беларускай літаратуры. З-пад ягонага пяра выходзяць «Вacтpыё cтpaлы», «У гopaдзe вaлaдapыць Рaгвaлoд», «Пaлявaньнe ў paйcкaй дaлiнe», «Рэчaicнacьць», «Тaнeц з вyжaкaмi».
«Яйкаквадраты» супраць «Мабільных тэлесыстэмаў»
10 гадоў таму творца стаў удзельнікам гучнага працэсу. Вярхоўны суд Беларусі прыняў да разгляду справу аб парушэньні апэратарам мабільнай сувязі «Мабільныя тэлесыстэмы» аўтарскіх правоў паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. Яны настойвалі, што расейскі апэратар у якасьці брэнду МТС без дазволу «пазычыў» выявы яйка ў рознакаляровых квадратах, прыдуманыя і ўвасобленыя ў праекце «Яйкаквадраты».
Шэсьць мастацка-канцэптуальных «яйкаквадратаў» зьявіліся ў Беларусі ў 1992-м, а праз паўтара дзясятка гадоў пачалі выкарыстоўвацца ў выяве таварнага знаку апэратара мабільнай сувязі МТС. Паэт і мастак афіцыйна папярэджвалі кіраўніцтва мабільнага апэратара пра аўтарскія правы на сымбаль, аднак МТС афіцыйна зарэгістраваў свой брэнд на тэрыторыі Беларусі 10 ліпеня 2007 году.
Працэс расьцягнуўся на некалькі гадоў, у выніку Вярхоўны суд заняў бок МТС.
Без падсумаваньня, але з плянамі на пэрспэктыву
Актыўная паэтычная дзейнасьць Алеся Разанава ідзе поруч зь перакладчыцкай. Ён шмат перакладае зь нямецкай, ангельскай, польскай, чэскай, баўгарскай, латыскай, грузінскай ды іншых моваў.
На сумежжы ХХ і ХХІ стагодзьдзя паэт паспрабаваў натхніцца сьвежымі ідэямі ў Нямеччыне, і зьмена асяродзьдзя прынесла нечаканыя наступствы. Цяпер Разанава можна назваць ня толькі беларускім, а і нямецкім паэтам. Ягоныя навацыі ў працы са словам атрымалі прызнаньне сярод тамтэйшых літаратараў.
У свой юбілей Алесь Разанаў далёкі ад думкі пра падсумаваньне мінулых зьдзяйсьненьняў. Нашмат больш ён заклапочаны пэрспэктыўнымі плянамі. Прынамсі, сёлетні год з поўным правам можа занесьці сабе ў актыў — падрыхтавана і выдадзена тры кнігі, іншыя яшчэ на падыходзе.
***
Алесь Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне. Вучыўся ў БДУ, быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут.
Працаваў у газэце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісах «Родная прырода», «Крыніца». Віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру. Некаторы час правёў у Нямеччыне і Аўстрыі, цяпер стала жыве ў Беларусі.
Зборнікі паэзіі:
- «Адраджэньне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэньне»)
- «Назаўжды» (1974)
- «Каардынаты быцьця» (1976)
- «Шлях — 360» (1981)
- «Вастрыё стралы» (1988)
- «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992)
- «Паляванне ў райскай даліне» (1994)
- «Гліна. Камень. Жалеза» (2000)
- «Wortdichte» (2003) (па-нямецку)
- «Кніга ўзнаўленняў» (2005)
- «Лясная дарога: версэты» (2005)
- «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006)
- «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007)
- «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009)
- «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009)
- «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010)
- «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010)
- «З Вяліміра Хлебнікава» (2011)
- «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011)
- «Столькі і гэтулькі» (2012)
- «І вынайшаў я крылы — вось яны» (2014)
- «Галасы тое, што ёсьць, шукаюць» (2016)
- «Маем найбольшае самі» (2017)
- «Невядомая велічыня. Гутаркі. Артыкулы. Згадкі» (2017)