Крама Symbal.by сумесна з творчым аб’яднаньнем «Інакш» прадставілі 5 сьнежня відэаролік «Скарб», прысьвечаны 100-годзьдзю абвяшчэньня БНР і прызнаньню бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі.
У аснове сюжэту відэа ляжыць легенда з кнігі Вінцука Вячоркі зь ілюстрацыямі Пятра Драчова «Пра герб і сьцяг».
Дзякуючы падзеям 1917-1918 гадоў бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў рэлізе.
5 сьнежня, у дзень 100-годзьдзя правядзеньня Першага Ўсебеларускага зьезду, пачынаюцца сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР. Менавіта Першы Ўсебеларускі зьезд распачаў фармаваньне беларускай дзяржавы, пракамэнтаваў прэм’еру кліпу кіраўнік крамы Symbal.by Павел Белавус.
Лукашэнка прызнаў важнасьць зьезду
Першы Ўсебеларускі зьезд быў скліканы Вялікай беларускай радай і цягам 5–17 сьнежня 1917 году працаваў у Менскім гарадзкім тэатры. На яго сабраліся блізу 2 тысяч дэлегатаў — беларускія палітычныя дзеячы з усіх губэрняў.
Старшынёй быў выбраны кіраўнік Беларускай вайсковай рады Янка Серада, будучы першы старшыня Рады БНР.
Зьезд абвясьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама на дэмакратычны ўрад. 17 сьнежня будынак, у якім праходзіў кангрэс, быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, дэлегатаў разагналі.
Рада і Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасьць у падпольлі. Пазьней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэньні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Лукашэнка прызнаў важнасьць зьезду, які прывёў да абвяшчэньня БНР.