Аляксандар Рымашэўскі, былы старшыня Салігорскага райвыканкаму, прызнаны судом вінаватым у атрыманьні хабару і асуджаны на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Рымашэўскі не прызнаў сябе вінаватым. Ягоны адвакат Зьміцер Гарачка сказаў, што будзе абскарджваць прысуд.
«Мы віну не прызнавалі адразу і прасілі суд Рымашэўскага апраўдаць. З такім прысудам, канечне, ня згодныя і будзем яго абскарджваць».
Экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму інкрымінавалі атрыманьне 16 900 даляраў хабару. Але паколькі 2900 даляраў перадаваліся «пад кантролем» у рамках так званага сьледчага экспэрымэнту, да спагнаньня прызначана сума 14 тысяч даляраў.
У апошнім слове Аляксандар Рымашэўскі назваў сваю справу сфальшаванай. Адвакат на працэсе заявіў пра фальшаваньне доказаў.