Згодна з папярэднімі вынікамі, альянс «За Корсыку» — які ствараюць партыя аўтанамістаў «Створым Корсыку» і партыя незалежнікаў «Вольная Корсыка» — атрымаў 45,36% галасоў. Другое месца з 15% галасоў занялі правыя, якія хочуць бачыць Корсыку ў якасьці францускага рэгіёну.
«Пытаньне незалежнасьці сёньня не стаіць на парадку дня. Мы хочам аўтаномнага статусу», — сказаў пасьля першага туру кіраўнік «Створым Корсыку» Жыль Сімэоні.
Кіраўнік «Вольнай Корсыкі» Жан-Гі Талямоні, які мае мянушку «Карсыканскі Пудждэмон», заявіў, што незалежнасьць Корсыкі ад Францыі — пытаньне «10–15 бліжэйшых гадоў».
Корсыка ў складзе Францыі мае статус «тэрытарыяльнай супольнасьці» (collectivité territoriale), надзеленай пэўнымі прыкметамі аўтаномнасьці, якіх ня маюць іншыя рэгіёны краіны. У Асамблеі Корсыкі засядае 51 дэпутат. Дэпутатаў выбiраюць на шэсьць гадоў паводле прапарцыйнай выбарчай сыстэмы. Калі нейкі выбарчы сьпіс набірае абсалютную большасьць галасоў, выбары заканчваюцца на першым туры. Другі тур праводзіцца, калі ніводная палітычная сіла не набірае 50% галасоў. У другім туры пра падзел месцаў у Асамблеі вырашае звычайная большасьць галасоў.
Другі тур рэгіянальных выбараў на Корсыцы пройдзе 10 сьнежня.