Пачатак ТУТ
Пакуль асуджаныя ашмянскія мытнікі чакаюць апэляцыйнага суду, у Гомелі працягваецца свой аналягічны працэс. Сярод падсудных гомельскіх мытнікаў таксама ёсьць тыя, хто не прызнаў віны і сьведчыць пра зьдзекі ў КГБ.
Больш за тое, «мэтодыка» гэтых зьдзекаў супадае.
Начальнік (былы, натуральна) апэратыўна-пошукавага аддзелу гомельскай мытні Ісачанка распавёў, як яго, а таксама мытнікаў Емяльянчанку і Капытава транспартавалі ў Менск (бо справу фармавалі ў сталіцы). Цытаты з судовага допыту прыводзіць «Белгазета»:
«З нас зьнялі верхнюю вопратку, зь мяне зьнялі дублёнку, заматалі ёй галаву, тое самае зрабілі з астатнімі. Мне зашпілілі кайданкі за сьпінай, паклалі ў «ГАЗель» на падлогу паміж сядзеньнямі. Емяльянчанка знаходзіўся, як я потым даведаўся, каля дзьвярэй на падлозе, Капытаў, здаецца, далей у праходзе на падлозе. Хвілін праз 20 я стаў задыхацца, папрасіў зьняць дублёнку, мне сказалі, што здаровы, вытрымаю. Я ляжаў паміж двума супрацоўнікамі, якія сядзелі па баках. Адзін паставіў сваю нагу на адну маю, другі на другую нагу. Праз паўгадзіны ў мяне пачалі адымацца ногі. Я ім крычу, што вы творыце, я задыхаюся! Мне адказалі: «Добра, зараз зарадку будзем рабіць». Мяне паднялі, і пачалі рабіць прысяданьні. Ведаеце, як гэта адбываецца? Цябе паднялі, а ногі самі прысядаюць. Калі просіш дублёнку з галавы зьняць і папіць, атрымліваеш удар у месца валасянога покрыва, каб сінякоў не было і так далей».
У ашмянскім працэсе пра тое самае казаў опэрупаўнаважаны Шчыкно. Яго арыштавалі дома, на вачах жонкі і дзяцей. Арыштоўвалі груба, накінуўшы мяшок на галаву. У аўтобусе кінулі ў праход на падлогу. Зьверху на яго паклалі Пашкоўскага. Білі. Патрабавалі сьпяваць, прысядаць, ставілі на калені.
Наступны сьведка, той самы Пашкоўскі, на пытаньне Юркойця, ці клалі яго ў праходзе на Шчыкно, адказаў:
— Так. Гэта ўжо ў аўтобусе да Менску. Спачатку я ляжаў на Шчыкно, потым паставілі на калені і так стаяў да канца дарогі.
Як кваліфікаваць гэтыя дзеяньні супрацоўнікаў КГБ? Як грубае парушэньне Канстытуцыі, яе 25-га артыкула: «Ніхто не павінен падвяргацца катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зьневажальнаму для яго годнасьці абыходжаньню». І чаго тады варты подпіс Рэспублікі Беларусь пад Канвэнцыяй ААН супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня?
Ня буду задаваць рытарычнага пытаньня, навошта гэта ўсё КГБ, калі ў яго ёсьць доказы, бо з досьведу ашмянскага працэсу ведаю, што доказаў няма. Тут справа ў іншым.
Ні пракурор, ні судзьдзя не зьвярнулі на гэтыя паказаньні ніякае ўвагі. Прапусьцілі міма вушэй як заведамыя фантазіі. Але словы Ісачанкі пацьвярджаюць, што гэта не фантазіі і што зь ім рабілі тое самае, што з Пашкоўскім і Шчыкно.
Гомельскага мытніка Ісачанку з калегамі арыштавалі ў лютым 2016-га, калі ашмянскія год як сядзелі ў турме, а працэс над імі пачаўся ў лістападзе 2016-га, калі амаль год сядзеў у турме Ісачанка. Гэта значыць, гомельскія мытнікі ніяк не маглі ведаць пра паказаньні ашмянскіх наконт катаваньняў у КДБ. Пры тым, што апісаньне зьдзекаў супадае. Што, у сваю чаргу, служыць дастатковым доказам гэтых катаваньняў паводле сукупнасьці зьвестак.
Памятаеце, на ашмянскім працэсе, дзе фактычных доказаў віны Юркойця і таварышаў выяўлена не было, пракурор Андрэеў сказаў, што іх віна цалкам даказаная «паводле сукупнасьці зьвестак». Маўляў, калі двое абвінавачаных паказалі на трэцяга, пракурор, а сьледам за ім судзьдзя, палічылі, што гэтага дастаткова, каб лічыць віну даказанай. Нават калі трэці прызнаць гэта адмаўляецца.
Сумнеўны, вядома, такі суд, які з эфэмэру выбітых сьледчым агавораў нараджае цалкам рэальны прысуд на многія гады турмы. Але нават калі пагадзіцца з гэтым, дык у выпадку Юркойця і сукупнасьці не было. Начальнік аддзела Карповіч прызнаў, што даваў мытніку Чэпіну грошы, каб той перадаў мытніку Юркойцю. Чэпін год адмаўляўся, пасьля прызнаў, што грошы Юркойцю перадаў. Але што Юркойць грошы ўзяў, Карповіч ведаць ня мог. Дый Чэпін кажа, што не даваў яму ў руку, а, нібыта, пакідаў у машыне. Юркойць цалкам адмаўляе, што браў грошы. Дзе ж тут сукупнасьць? А вынік — сем гадоў турмы.
Пракурор на ашмянскім працэсе быў рашуча супраць хадайніцтва Юркойця выклікаць на суд сьледчага Данілава, які зьбіваў яго і ягоных таварышаў у турме. Судзьдзя падтрымаў пракурора. Але сёньня мы маем рэальныя сьведчаньні пра зьдзекі КГБ.
У Гомелі пракурор увогуле не напружваецца, яму дастаткова, што падсудны ў неўстаноўленым месцы ў неўстаноўлены час атрымаў ад неўстаноўленай асобы хабар. Тое, што Ісачанка з калегамі адмятаюць такое абвінавачаньне, нікога не цікаваць.
На пытаньне адваката, ці будзе ён скардзіцца на катаваньні ў КГБ, Ісачанка адказаў:
— Так, я ім сказаў, што буду пісаць на іх скаргу ў пракуратуру. Мне адказалі: «Ты што, дурак? Думаеш, пракуратура пойдзе супраць нас ці паверыць табе? Якія зьдзекі, іх не было!».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.