«Пэрспэктыва» правядзе форум прадпрымальнікаў 11 сьнежня ў Менску

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота. Форум прадпрымальнікаў у Менску. Менск, 13 чэрвеня 2016 году

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» правядзе чарговы форум прадпрымальнікаў 11 сьнежня ў менскім культурна-дзелавым цэнтры «Дом Масквы». Сустрэча будзе прысьвечаная вынікам году ў асяродзьдзі малога бізнэсу і пэрспэктывам на будучыню.

Чакаецца, што на форуме зьбяруцца прадстаўнікі малога бізнэсу зь Менску і ўсіх абласьцей краіны, а таксама чыноўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў.

Як паведамляе сайт «Пэрспэктывы», галоўная задача форуму заключаецца ў тым, каб «паказаць на асноўныя праблемныя кропкі ў малым бізнэсе, якія патрабуюць тэрміновага вырашэньня», а таксама «ня даць магчымасьці іх разьвіцьця па нэгатыўным сцэнары для дзяржавы ў цэлым».

«Для рэалізацыі дэкрэту яшчэ 200 крокаў». Лідэры прадпрымальнікаў пра новы дэкрэт прэзыдэнта

На думку сябраў аб’яднаньня, эфэктыўныя ўмовы для бізнэсу ў Беларусі можна стварыць «толькі пры шчыльным узаемадзеяньні уладаў і прадпрымальніцкай супольнасьці». У «Пэрспэктыве» падкрэсьлілі, што патрабаваньні, выстаўленыя ўдзельнікамі кастрычніцкага форума прадпрымальнікаў, застаюцца актуальнымі да таго часу, пакуль улады ня выканаюць іх у поўным аб’ёме.

Лідэр грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка

У прыватнасьці прадпрымальнікі патрабуюць:

  • укараніць патэнтавую сыстэму для ІП, занятых у розьнічным гандлі;
  • пазбавіць іх ад абавязку рабіць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нерабочы пэрыяд;
  • адмяніць абавязацельства, па якім прадпрымальнікі, якія гандлююць у розьніцу нехарчовымі таварамі, павінны пацьвярджаць адпаведнасьць прадукцыі патрабаваньням тэхнічных рэглямэнтаў ЕАЭС;
  • уключыць у Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце прадстаўнікоў «Пэрспэктывы»;
  • зьнізіць штрафы і забараніць адабраньне і канфіскацыю ў прадпрымальнікаў тавараў за парушэньне ўмоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці;
  • забараніць усе віды праверак суб’ектаў малога бізнэсу на пяць гадоў і навязваньне экспэртызаў якасьці тавараў.
  • змусіць арэндадаўцаў ўсіх формаў уласнасьці не павышаць арэндную плату для прадпрымальнікаў больш чым на паказчык інфляцыі;
  • не пашыраць пералік тавараў, якія падлягаюць радыёчастотнаму маркіраваньню;
  • не распаўсюджваць на прадпрымальнікаў патрабаваньне па электронным таваразвароце ў рамках будучага указу «Аб стварэньні нацыянальнай сыстэмы нагляду і разьвіцьця электроннага дакумэнтазвароту»;
  • вырашыць праблему зь нядобрасумленнымі гандлярамі з Сярэдняй Азіі.