Лаўроў: Расея ацаніла «цьвёрдую пазыцыю» Беларусі на саміце «Ўсходняга партнэрства»

  • БелаПАН

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

«У дачыненьні да Беларусі, Армэніі, Азэрбайджану ў нас ніякіх сумневаў, падазрэньняў няма, — сказаў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. — Канешне, мы бачым, як паводзяць сябе нашы ўкраінскія калегі, малдаўскія калегі, грузінскія калегі. Але ў іх не атрымліваецца, і ўпэўнены, што не атрымаецца, усю схему „Ўсходняга партнэрства“ перавесьці ў антырасейскае рэчышча».

Такую заяву Сяргей Лаўроў зрабіў у інтэрвію 2 сьнежня ў праграме «Карціна сьвету» тэлеканала «РТР-Беларусь», паведамляе БелаПАН.

Паводле яго, Расея бачыць жаданьне некаторых краінаў, якія ўваходзяць у Еўразьвяз, выкарыстоўваць «Усходняе партнэрства» ў антырасейскіх мэтах.

«Іх ня большасьць, — адзначыў Лаўроў. — Але яны досыць агрэсіўна сябе паводзяць. Гэта выявілася, у тым ліку, у выступе прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тэрэзы Мэй на саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Брусэлі. Але пераважная большасьць краінаў Эўразьвязу разумеюць, што гэта будзе чарговая спроба зь нягодымі сродкамі... І што ўкараняць антырасейскі запал у любыя кантакты з краінамі-чальцамі СНД, гэта контарпрадуктыўна і беспэрспэктыўна».

Кіраўнік МЗС Расеі заявіў: «Мы вельмі ацанілі цьвёрдую пазыцыю Беларусі, разам з шэрагам іншых удзельнікаў „Усходняга партнэрства“ супраць падобных спробаў».

Ён адзначыў, што Расея бачыць вялікую ролю Беларусі ў тым, што ў выніковай дэклярацыі, «нягледзячы на жаданьне некаторых удзельнікаў саміту», не ўтрымліваецца «якіх-небудзь незямных рэчаў, якія не датычацца непасрэдна адносінаў фокусных дзяржаваў з Еўразьвязам», дзякуючы таму, што Беларусь «не дазволіла зрабіць гэты працэс палітызаваным, ідэалягізаваным».