Асуджаныя за згвалтаваньне магілёўскія міліцыянты спрабуюць абскардзіць прысуд

Злачынства адбылося ў ноч на 27 лютага 2016 году. Пасьля суду двое былых участковых атрымалі па 12 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Старшыня Магілёўскага абласнога суду прыняў да разгляду наглядную скаргу асуджаных — былых супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Магілёва. Пра гэта паведамляе БЕЛАПАН.

Пра злачынства стала вядома ў красавіку 2016 з публікацый у СМІ. Міністр МУС Ігар Шуневіч на пытаньне, ці былі тады яшчэ падазраваныя ў зьдзяйсьненьні злачынства дзейснымі супрацоўнікамі міліцыі, адказаў: «Былыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў».

Паводле матэрыялаў справы, тры старэйшыя лейтэнанты міліцыі, участковыя інспэктары Ленінскага РУУС Магілёва адпачывалі ў начным клюбе "Форум«.Пазнаёміліся з двума дзяўчатамі і паехалі на кватэру да свайго знаёмага. Там ужывалі алькаголь, адзін з участковых і дзяўчына пакінулі кватэру. Двое міліцыянтаў, як давяло сьледзтва, зьбілі і згвалцілі дзяўчыну, якая засталася ў кватэры. У матэрыялах суду гаворыцца пра 39 удараў на целе пацярпелай, якія прызналі лёгкімі цялеснымі пашкоджаньнямі.

На паседжаньнях суду былыя міліцыянты віну не прызнавалі і заяўлялі, што ўсё адбывалася па ўзаемнай згодзе. А цялесныя пашкоджаньні дзяўчына нібыта атрымала, калі ўпала ў начным клюбе.

29 красавіка 2017 году Магілёўскі раённы суд прызнаў віну двух участковых у згвалтаваньні і гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару. Кожны атрымаў па 12 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Трэці міліцыянт асуджаны на 5 гадоў за іншае злачынства — ня здаў 27 баявых патронаў, якія былі знойдзеныя мясцовым жыхаром, і не зрабіў дзеяньняў па росшуку вінаватых у незаконным звароце боепрыпасаў. Усе трое пазбаўленыя званьня «старэйшы лейтэнант міліцыі».

Паведамляецца, што бацька аднаго з асуджаных за згвалтаваньне перадаў пацярпелай 20 тысяч даляраў у кошт кампэнсацыя маральнай шкоды. Але дзяўчына абскардзіла прысуд і патрабуе па 20 тысяч рублёў яшчэ ад двух іншых фігурантаў.

Прысуд быў абскарджаны пракурорам як занадта мяккі. Абвінавачаныя прасілі прысуд адмяніць і настойваюць на сваёй невінаватасьці.

Магілёўскі абласны суд 27 ліпеня пакінуў пакараньне ў сіле, але пытаньне кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпелай накіравана на новы разгляд.

Цяпер асуджаныя спрабуюць зьмяніць прысуд, накіраваўшы наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага суду.