Watch Docs Belarus: міжнародны фэст дакумэнтальнага кіно скарачае праграму праз брак сродкаў

Арганізатары міжнароднага фэсту дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus вымушаныя скарачаць праграму празь недахоп сродкаў. Першай ахвярай стала брытанска-нарвэская стужка «Дзякуй за дождж», яе лёс рызыкуе падзяліць нямецкая праца «ГУЛАГ: цяжкія ўспаміны».

Першыя паказы ў рамках Watch Docs прайшлі ў 2001 годзе ў Варшаве і адразу ж сталі знакавай падзеяй. Ад таго часу імпрэза нязьменна зьбірае на сваіх пляцоўках у розных гарадах шматлікіх удзельнікаў з усяго сьвету, асноўная мэта — прыцягнуць увагу да найбольш актуальных праблемаў сучаснасьці.

Большасьць стужак складаюць працы вядомых рэжысэраў-дакумэнталістаў, а ўваход на кінасэансы прынцыпова бясплатны.

Самае лепшае ад эліты дакумэнтальнага кіно

У Менск фэст упершыню прыехаў у 2015 годзе — найперш намаганьнямі грамадзкай актывісткі Тацяны Гацуры-Яворскай і дзясяткаў аднадумцаў-валянтэраў.

Дзякуючы ініцыятыве «Зьвяно» беларусы ўжо двойчы мелі магчымасьць пабачыць выдатную дакумэнталістыку найвышэйшага ўзроўню, закантактаваць са стваральнікамі і галоўнымі героямі стужак. Сапраўднай падзеяй стала сустрэча з адным з самых экстрэмальных хранікёраў Міхалам Пшэдлацкім, які асабіста прэзэнтаваў свой фільм «Алепа. Запіскі зь цемры».

Фільмы суправаджаюцца субтытрамі на беларускай ці расейскай мовах, некаторыя адаптаваныя для людзей бяз слыху. Адабраныя на сёлетні кінапаказ стужкі адлюстроўваюць самыя актуальныя тэмы:

  • Папулізм: чаму да ўлады вяртаюцца палітыкі, якія даюць простыя адказы на складаныя пытаньні.
  • Памяць: што сёньня думаюць пра ГУЛАГ і Галакост.
  • Агульны сьвет: чаму беларусаў мусяць хваляваць школы ў Афрыцы ці аварыя на гідрастанцыі ў Расеі.

Таксама адбудзецца некалькі спэцпаказаў па-за агучанымі тэмамі.

«Кожны год мы сутыкаемся з чарадой выклікаў, якія існуюць у нашым грамадзтве. І мы — аматары дакумэнтальнага кіно — стараемся прыцягнуць увагу супольнасьці да праблемаў, якія існуюць у сьвеце. Таму лічым, што такое кіно мусіць быць у кінатэатрах», — падкрэсьліваюць арганізатары.

Прома ролік Watch Docs Belarus-2017. Аўтар: валянтэр Яўген Сінічэнка

Сёлета фэст заплянаваны ад 14 да 17 сьнежня на трох пляцоўках — «Гістарычнай майстэрні», прасторы «ОК16» і кінатэатру «Мір».

Усе кінасэансы ў рамках Watch Docs Belarus-2017 бясплатныя для гледачоў, але не для тых, хто гэтым займецца. Папярэдне неабходна выкупіць квіткі, аплаціць арэнду кіназалі, узяць на сябе выдаткі на прыезд гасьцей, арганізацыю дыскусій, друкаваньне прамацыйных матэрыялаў, нарэшце на цырымонію ўрачыстага адкрыцьця. Усяго амаль 5 500 рублёў.

Месяц таму на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» распачалася кампанія збору сродкаў у падтрымку кінафэсту.

Колькасьць сяброў не пераходзіць у якасьць

Аднак за прамінулы час сабрана меней за 30% ад неабходнай сумы, толькі 1 500 рублёў. Гэта азначае, што чымсьці непазьбежна давядзецца ахвяраваць. Найбольш лягічна, што ўжо анансаванымі працамі.

Тацяна Гацура-Яворская

«У дачыненьні да Watch Docs Belarus для мяне людзі дзеляцца на тры катэгорыі, — тлумачыць Тацяна Гацура-Яворская. — Тыя, хто дапамагае (і ня толькі грашыма); хто нічога пра яго ня ведае (або яму нецікава); хто скажа: „А я адразу ведаў, што нічога не атрымаецца“. Апошніх вымушана парадую: давялося зьняць з паказу фільм „Дзякуй за дождж“. Вельмі шкада, бо стужка 2017 году, відовішчная, для вялікага экрана з долбі-гукам. Рэйтынг IMDb — 8.3/10. Рашэньне далося няпроста — як і ўсё, што робіцца з разьлікам на водгук. Але грошай няма, і мінус 550 рублёў істотна ў такой сытуацыі».

Тацяна кажа, што маральна гатовая да таго, каб адмовіцца ад другога знакавага фільму — «ГУЛАГ: цяжкія ўспаміны». Паводле яе, на жаль, даводзіцца шчыра прызнацца: здараецца, што нешта не рэалізуецца ня толькі праз забароны ўладаў, а праз адсутнасьць грошай. Не знайшлося мэцэнатаў, якіх усур’ёз турбуюць праблемы, якія агучваюцца ў рамках фэстывалю.

«Каб кожны падпісчык на нашай старонцы ў Facebook даў па 3 рублі, мы перасталі б турбавацца, — напісала Тацяна Гацура-Яворская. — Каб 100 чалавек купілі рэзэрвацыю на нашы фільмы за 25 рублёў, мы цяпер былі б занятыя толькі падрыхтоўкай, а не ўнясеньнем правак у праграму... Бо калі вы хочаце, каб публічны дыялёг дапамог пазьбегнуць праблемаў у будучыні, каб, апроч дзяржаўнага парадку, зьявіўся грамадзкі, каб людзі маглі больш ведаць пра сьмяротнае пакараньне і ГУЛАГ, маніпуляцыі палітыкаў і няшчырых змагароў, дайце такую магчымасьць».

Падтрымаць ініцыятыву можна ня толькі пералічэньнем грошай, але больш простым і смачным спосабам. З кожнага кубка Watch Docs Kava кінафэст атрымлівае 1 рубель ахвяраваньняў: 50 капеек ад аматара напою і яшчэ 50 ад кавярні. Да акцыі ўжо далучыліся кавярні «Тры Жаўнеры», «Место», «Кофе Саунд», «Валенка», Sorso di Espresso, Faces coffee club, SurfCoffee, Manufaktura.

Што пакажуць на фэсьце: сучаснае рабства, Wikileaks​, жарты з газавых камэр

У праграме Watch Docs Belarus значыцца блізу двух дзясяткаў работ. дкрыецца імпрэза 14 сьнежня ў менскім кінатэатры «Мір» фільмам галяндзкага рэжысэра Бэнтэ Форэра «Горкі шакаляд».

Галяндзкі журналіст Тэн ван дэ Кёкэн тэлефануе ў паліцыю з прызнаньнем, што спрыяў распаўсюду рабства, паколькі... еў шакаляд. І гэта ў пэўнай ступені так, бо на этапе збору какава-бабоў шырока выкарыстоўваецца дзіцячая праца. Спачатку мэтай Ван Дэр Кёкена і яго калегаў была падрыхтоўка праграмы для тэлебачаньня. Аднак ідэя супрацьдзеяньня рабству вырастае ў ініцыятыву па вытворчасьці шакаляду, «вольнага ад рабства».

У рэпэртуары 15 сьнежня варта зьвярнуць увагу на карціну амэрыканскага аўтара Фэрнэ Пэрлстайн «Хто сьмяецца апошнім».

Як ставіцца да жартаў пра Галакост? Ці магчымы гумар у атмасфэры паліткарэктнасьці і павагі да ахвяраў? Для асуджаных на сьмерць сьмех часта робіцца зброяй. Гумар дапамагае зьняць напружаньне і дае сілы, каб перамагчы жудасныя перажываньні. Тыя, хто выжыў у Галакосьце, кажуць, што падчас вайны сьмех быў адзіным паратункам. І на пытаньне, ці варта кпіць з газавых камэраў, адказваюць, што трэба сьмяяцца з машыны сьмерці, якую стварылі нацысты, бо сьмех пазбаўляе яе сілы.

Цэнтральнай афішай паказаў 16 сьнежня — стужка нямецкага рэжысэра Керстын Нікіг «ГУЛАГ: цяжкія ўспаміны».

Многія лягеры савецкага ГУЛАГу знаходзіліся каля Пермі. Калі СССР перастаў існаваць, гісторыкі-энтузіясты разам з былымі вязьнямі заснавалі Музэй гісторыі палітычных рэпрэсій «Пермь-36». Аднак палітычныя эліты сучаснай Расеі прытрымліваюцца поглядаў на спадчыну сталінізму, мала зьвязаных з атмасфэрай галоснасьці. З ініцыятывы дзяржавы музэй быў нацыяналізаваны, частка экспазыцыі закрытая для публікі, а былыя кіраўнікі абвінавачаныя ў прадузятасьці і непрафэсіяналізьме.

Калі ўсё ж давядзецца ахвяраваць стужкай праз патрэбы эканоміі, арганізатары раяць не абмінаць карціну індыйскага рэжысэра Вайшалі Сынга «Спытай сэкспэрта».

Гэта гісторыя доктара Магіндэра Ўатса, 93-гадовага сэкс-кансультанта, які вядзе калёнку ў штодзённай газэце Мумбаі. Нягледзячы на тое, што сэкс — табуяваная тэма ў Індыі, дзякуючы гумарыстычнай падачы аўтарская рубрыка карыстаецца надзвычайнай папулярнасьцю. Расказваецца, як праходзяць будні старога сэксоляга, навошта ён дзеліцца сваімі ведамі з чытачамі. У фільме дакумэнтуюцца кансультацыі Васта: твары пацыентаў схаваныя, але пачуцьці іхныя схаваць немагчыма.

З рэпэртуару дня 17 сьнежня празь фінансавыя праблемы ўжо зьняты брытанска-нарвэскі фільм «Дзякуй за дождж» рэжысэркі Джуліі Дар. Гэта аповед пра зьмену клімату, урбанізацыю, гендэрную роўнасьць, адукацыю, доступ да вады, кліматычных ўцекачоў ды іншае.

У яго адсутнасьць нельга прамінуць працу, зьнятую сумесна інэматаграфістамі ЗША і Нямеччыны. Рэжысэрка фільму пад назвай «Рызыка»Лора Пойтрас.

Галоўным героем — Джуліян Асанж, якім яго мала хто мог бачыць. Расказваецца ня толькі пра заснавальніка Wikileaks, але і пра тое, як зьмяняецца стаўленьне рэжысэркі да яго за гады працы над стужкай (першыя здымкі зробленыя ў 2011-м). Паказаныя стасункі ў камандзе, рэакцыя Асанжа на абвінавачваньні ў сэксуальным гвалце, яго перамовы з Гілары Клінтан і шмат іншага. Гэта дазваляе гледачу зразумець пра галоўнага выкрывальніка стагодзьдзя значна больш, чым можна было ўявіць.

У рамках «спэцпаказаў» зьвяртае на сябе ўвагу дакумэнтальны фільм «Зламаныя: жаночая турма ў Гогэнэку» нямецкіх аўтараў Аляксандра Лала і Фолькера Шлехта.

Бург Гогэнэк — жаночая турма ў ГДР, дзе ў 1950-1990 гадах утрымліваліся ня толькі асуджаныя за злачынствы, але і палітычныя зьняволеныя. У цэнтры сюжэту — Габрыэль Шэтцэр і Біргіт Вільшутц. Іх гісторыі — гэта перапоўненыя камэры, жорсткая герархія, катаваньні за любую правіну, абразы, няпэўнасьць і праца на знос. Яны шылі тавары, якія прадаваліся ў ФРГ. Вязьні вырабілі мільёны калготак, прасьцінаў, даючы прыбытак бюджэту. Прымусовая жаночая праца на службе дзьвюх Германій.

Тацяна Гацура-Яворская шкадуе, калі некаторыя з гэтых ды іншых стужак давядзецца зьняць з паказу праз элемэнтарны брак сродкаў. Але калі грамадзкасьць не сасьпела да разуменьня важнасьці падзеі, то гэта лягічнае тлумачэньне той «актыўнасьці» на «Талацэ». Сама яна спыняцца на паўдарозе не зьбіраецца...