У 2013 годзе Крэмль фактычна сарваў падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі паміж Ерэванам і Эўразьвязам. У выніку Армэнія далучылася да Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Аднак апошнім часам ў краіне павялічваецца расчараваньне саюзам з Масквой, пра што сьведчыць і падпісанае ў часе саміту «Ўсходняга партнэрства» пагадненьне з Брусэлем. Пра гэта — гутарка з дырэктарам армянскай службы Радыё Свабода Гары Тамразьянам.
«Апазыцыя пытаецца: а што мы выйгралі ад пагадненьня з Масквой?»
— Звычайна тэму інтэграцыі постсавецкіх краінаў у эўрапейскія структуры мы абмяркоўваем з калегамі з украінскай службы нашага радыё, паколькі Ўкраіна — суседка Беларусі. Але сёньня мы будзем размаўляць пра Армэнію. Прычына простая: становішча гэтай краіны, як мне падаецца, падобнае на становішча Беларусі мінімальна ў адной пазыцыі, але вельмі істотнай: у адрозьненьні ад Украіны, якая выйшла з-пад уплыву Масквы, Армэнія цесна зьвязаная з Расеяй. Гары, я маю рацыю?
— Маеце, але не ва ўсім. Палітычна — так, вы слушна кажаце, Армэнія моцна залежыць ад Расеі. У Армэніі цяпер ёсьць расейская вайсковая база. Ну і палітычныя сувязі даўнія, Армэнія успрымае Расею як свайго саюзьніка, паколькі армяне заўсёды лічаць, што пры самай вялікай пагрозе, якая сыходзіць з Турэччыны, Расея — адзіная краіна, якая можа абараніць ад магчымай агрэсіі Анкары. Але ў эканамічным сэнсе Армэнія ня цалкам залежная ад Масквы, паколькі гандаль з ЭЗ вельмі вялікі.
— У стаўленьні да Расеі, выглядае, настроі ўлады і апазыцыі аднолькавыя?
— Апазыцыя разумее, што вайсковы кампанэнт супрацоўніцтва з Расеяй — вельмі важны. Але вайсковае супрацоўніцтва — гэта адна справа. А вось палітычнае супрацоўніцтва з Расеяй — іншае. Апазыцыя ня згодная, што, як яна лічыць, Армэнія ўсё аддае Расеі. Апазыцыя не ўважае Расею за дэмакратычную краіну, і таму Ерэван павінен шукаць альтэрнатыву ў Эўразьвязе.
— Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян удзельнічаў у саміце «Ўсходняга партнэрства» у Брусэлі, у адрозьненьні ад Лукашэнкі, які гэтым разам быў запрошаны, але не паляцеў. На думку некаторых аналітыкаў, не паляцеў, каб не раззлаваць Маскву. А як Расея ставіцца да ўдзелу Армэніі ў эўрапейскіх праектах?
— Ну вы ведаеце, што здарылася ў 2013 годзе, у верасьні, калі з Брусэлем ужо было узгодненае пашыранае пагадненьне з ЭЗ, дзе быў свабодны гандаль, гандлёвая зона. І раптам прэзыдэнта выклікалі ў Маскву і яму проста сказалі, што ён не павінен падпісваць гэтага пагадненьня, паколькі могуць здарыцца пэўныя падзеі. Згодна з інфармацыяй эўрадэпутатаў, расейцы далі зразумець, што калі Армэнія падпіша пагадненьне з ЭЗ, дык Масква ня будзе дапамагаць у Карабаху.
У выніку, Армэнія адмовілася падпісваць пагадненьне з ЭЗ, а замест яго падпісала пагадненьне з Эўразійскай эканамічнай супольнасьцю.
Але рэч вось у чым. Пачынаючы з гэтага моманту, Расея пачала інтэнсіўна дапамагаць Азэрбайджану. Яны прадаюць вялізную колкасьць новага ўзбраеньня. І, дарэчы, гэтай зброяй ужо абстрэльвалі армянскія пазыцыі.
І цяпер апазыцыя пытаецца: а што мы выйгралі ад таго, што падпісалі пагадненьне з Масквой? Пасьля гэтага ў нас усё горш і горш — з эканомікай, на ваенным фронце. Навошта нам удзельнічаць у гэтым саюзе, калі ў ім Расея, якая дапамагае Азэрбайджану, і Казахстан, які таксама дапамагае Азэрбайджану. Хто там яшчэ — Беларусь? Лукашэнка вельмі добра сябруе з Аліевым, хаця ён сьцьвярджае, што блізкі і з Армэніяй.
І вось цяпер у парлямэнце пачаліся дэбаты наконт выхаду з Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Масква разумее: утрымаць краіны ўсё цяжэй
— А што датычна Беларусі — глядзіце, што сказала Фэдэрыка Магерыні пасьля таго, як з Саргсьянам падпісалі дамову: «Гэта першае свайго кшталту пагадненьне, якое ЭЗ падпісвае з членам Эўразійскага саюзу». Такім чынам, у гэтым сказе ёсьць схаваная магчымасьць і для Беларусі.
Думаю, што Масква разумее: утрымаць гэтыя краіны ўсё цяжэй. Урэшце, расейскія бізнэсы могуць выкарыстоўваць краіны, якія падпісваюць пагадненьні з ЭЗ, як калідор для выхаду ў Эўразьвяз.
— Ці можна сказаць, што Армэнія ўжо глядзіць у іншы бок ад Масквы?
— Так. Ну вось вы ўяўляеце такую магчымасьць, што ў беларускім парлямэнце пачалі абмяркоўваць выхад Беларусі з Эўразійскай эканамічнай супольнасьці?
— Не магу ўявіць па той простай прычыне, што ў Беларусі няма абранага парлямэнту, усе дэпутаты фактычна прызначаныя.
— Калі Вы думаеце, што ў Армэніі падабенства брытанскага парлямэнту, дык памыляецеся. У Армэніі пакуль дэмакратычныя інстытуты вельмі слабыя. І той факт, што ў парлямэнце абмяркоўваецца такое пытаньне, азначае, што выканаўчая ўлада, прэзыдэнт краіны згодныя з фактам такога абмеркаваньня. Без дазволу прэзыдэнта яго б не было.
На 25% больш дапамогі і ў пэрспэктыве — скасаваньне візавага рэжыму
— У дні саміту «Ўсходняга партнэрства» выказваліся меркаваньні, што гэты праект за 8-9 гадоў пераўтварыўся ў нешта аморфнае і цікавае хіба для ўдзельнікаў самітаў і журналістаў. І сапраўды, грамадзянін Беларусі можа запытацца: а што гэта дало мне, калі нават кошты на візы засталіся ранейшыя? Цяперашняя пагадненьне ЭЗ і Армэніі — што яно дало простым людзям?
— Армэнія атрымае на 25% больш фінансавай дапамогі, чым да падпісаньня дамовы. Для армянскіх кампаніяў зьяўляюцца новыя магчымасьці, у прыватнасьці тэндэры ў грамадзкіх сфэрах адчыняюцца і для армянскіх кампаній. Армянскія ўнівэрсытэты будуць удзельнічаць у бізнэс-праектах з эўрапейскім ўнівэрсытэтамі, і тычыцца гэта ня толькі студэнцкіх абменаў, але і навуковых распрацовак. Узгадаю і лібэралізацыю візавага рэжыму, і ў пэрспэктыве яго скасаваньне — гэта, акрамя іншага, і магчымасьці для працоўных рук. І нарэшце, адбудзецца збліжэньне заканадаўства Армэніі з эўрапейскім заканадаўствам. А гэта — ўзмацненьне абароны правоў чалавека, незалежнасьць судоў ад выканаўчай улады, гэта матэрыяльна не адчувальна, але вельмі важна.