З гэтага часу курэньне «лёгкага наркотыку» не зьяўляецца ў краіне злачынствам. Рашэньне выклікала бурлівую рэакцыю з боку прыхільнікаў і праціўнікаў легалізацыі марыхуаны, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Тбілісі Георгій Кабаладзе
Канстытуцыйны суд Грузіі пасьля шматмесячнага разгляду пазову грамадзяніна Гіві Шанідзэ і партыі «Гірчы», якая даўно выступае за легалізацыю ўсіх відаў наркотыкаў, пастанавіў, што спажываньне марыхуаны «не ўяўляе пагрозы для грамадзкай бясьпекі».
Пры гэтым найвышэйшая судовая інстанцыя Грузіі пацьвердзіла, што лічыць пераканаўчым галоўны аргумэнт пазоўнікаў аб тым, што чалавек «мае права самастойна вызначаць форму адпачынку, рэляксацыі і забавы», а ўмяшаньне дзяржавы ў сфэру «асабістага і свабоднага разьвіцьця чалавека» недапушчальнае, бо гэтая сфэра «абаронена правам на прыватнае жыцьцё».