Адкрываючы сустрэчу, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей зазначыў, што яна праводзіцца напярэдадні сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі.
«Фактычна мы падводзім вынікі працы арганізацыі за юбілейны год — Дамова аб калектыўнай бясьпецы была падпісана ў 1992 годзе, — цытуе агенцтва БелаПАН кіраўніка беларускага МЗС. — Сёньня мы ўдзелім прыярытэтную ўвагу дакумэнтам, якія выносяцца на разгляд кіраўнікоў дзяржаў».
Перад пачаткам сустрэчы чыноўнікі, якія прадстаўляюць шэсьць краінаў АДКБ, зрабілі калектыўны здымак. Найбольш задаволенымі выглядаюць Ўладзімер Макей і ягоны расейскі калега Сяргей Лаўроў.
У парадку дня сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ і сумеснага паседжаньня Савету міністраў замежных спраў, Савету міністраў абароны і камітэту сакратароў Саветаў бясьпекі значыцца абмеркаваньне тэндэнцый разьвіцьця міжнароднай сытуацыі і захадаў на ўмацаваньне калектыўнай бясьпекі.
Сэсія СКБ пройдзе спачатку ў вузкім складзе, а пасьля ў фармаце пленарнага паседжаньня.