Заўсёды спазьняецца. 5 адметных візытаў Пуціна ў Менск

прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

30 лістапада на саміт АДКБ у Менск прылятае прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Калі раней Пуцін бываў у Менску і чым адзначыліся гэтыя візыты? Свабода сабрала інфармацыю пра 5 візытаў Уладзіміра Пуціна ў сталіцу Беларусі за апошнія 10 гадоў.

2016 год. Пра расейскую вайсковую базу не гаварыў

Апошні раз прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прылятаў у Менск з афіцыйным візытам 8 чэрвеня 2016 году. Спачатку кіраўнікі краінаў сустрэліся і пагаварылі сам-насам у Палацы Незалежнасьці. Потым адбылася размова ў пашыраным фармаце з удзелам сяброў урадаў і афіцыйных прадстаўнікоў. Паводле прэсавых службаў, бакі абмеркавалі стасункі Расеі зь Беларусьсю, двухбаковую інтэграцыю, цэны на газ для Беларусі, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, іншыя актуальныя пытаньні. Што да разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай базы, супроць чаго ў Беларусі пракацілася хваля пратэстаў, дык, паводле прэсавага сакратара Пуціна Пяскова, гэтае пытаньне на парадку дня не стаяла.

2014 год. Як заўсёды, прыляцеў апошнім

У жніўні 2014 году ў Менску адбылася сустрэча на найвышэйшым узроўні кіраўніцтва краінаў Мытнага саюзу, Украіны і Эўразьвязу.

Мэдыя пахвілінна адсочвалі, калі ў Менск прылятаў каторы высокі госьць. Першым на саміт у сталіцу Беларусі прыляцеў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, празь 15 хвілін пасьля яго — кіраўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і эўракамісар па гандлі Карэл дэ Гухт, прыкладна а 12-й у менскі аэрапорт прыляцеў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Як заўсёды, апошнім, пасьля 13-й гадзіны, прыляцеў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыбыў у аэрапорт Менску, 26 жніўня 2014 году

А за месяц да гэтай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным сьвяту незалежнасьці, загаварыў па-беларуску:

«Нас палохаюць, што з Усходу полчышчы прыйдуць, а на Ўсходзе нас сёньня пачынаюць палохаць, што з Захаду полчышчы прыйдуць, падзеляць, раздушаць, разарвуць. Як прэзыдэнт я абавязаны гэта мець на ўвазе і не адмаўляць ніводзін з варыянтаў, нават самы абсурдны».

2012 год. Марна абмяркоўваў малочныя ды іншыя войны

У канцы траўня 2012-га Ўладзімір Пуцін, якога незадоўга да таго зноў выбралі прэзыдэнтам Расеі, наведаў з афіцыйным двухдзённым візытам Менск. Назіральнікі адзначалі, што гэта быў першы замежны візыт Пуціна ў рангу прэзыдэнта — тым самым ён прадэманстраваў сваю адданасьць расейска-беларускаму саюзу і эўразійскай інтэграцыі. Пры гэтым было заўважана, што двухдзённы візыт — гэта зашмат толькі для дэманстрацыі сяброўства.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску, 31 траўня 2012 году

​На думку палітолягаў, падчас менскай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам адбыліся жорсткія размовы аб праблемах у эканамічных дачыненьнях, якія прэзыдэнтам так і не ўдалося вырашыць. Сапраўды, газавыя, малочныя і калійныя войны паміж Беларусьсю і Расеяй не спыніліся.

Дарэчы, падчас таго візыту Пуціна ў Менск з ізалятара на Акрэсьціна ня вызвалілі некалькі грамадзкіх актывістаў, якія адбылі ўжо свой тэрмін. Практыка затрымліваньня апазыцыянэраў напярэдадні візытаў у Менск Уладзіміра Пуціна з тых часоў пашыралася.

2011 год. Нібыта заступаўся за суайчыньнікаў-палітвязьняў

13 сакавіка 2011 году Ўладзімір Пуцін быў у Менску ў рангу прэм’ера. Тады ў сталіцы Беларусі праходзіў саміт кіраўнікоў урадаў Беларусі, Казахстану і Расеі ў фармаце ЭўрАзЭС. Расейскі прэм’ер прыбыў на сустрэчу зноў са спазьненьнем. Аляксандар Лукашэнка і беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч чакалі яго больш за паўтары гадзіны ў аэрапорце. Потым была сустрэча Лукашэнкі з Пуціным сам-насам, якая доўжылася каля 40 хвілін.

Напярэдадні беларускія мэдыі не выключалі, што экс-прэзыдэнт Расеі будзе весьці з Лукашэнкам размову і пра двух грамадзян Расеі, якіх у Беларусі абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году, за што ім пагражала зьняволеньне. Дакладна не вядома, ці сапраўды адбылася гэтая частка размовы, але грамадзяне Расеі Арцём Брэўс і Іван Гапонаў неўзабаве выйшлі зь беларускіх вязьніц са штрафамі, хоць большасьць абвінавачаных беларусаў за тое ж самае атрымалі рэальныя тэрміны.

2008 год. Схіляў да прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі

У студзені 2008 году Ўладзімір Пуцін прыляцеў у Менск на перамовы з Лукашэнкам пра кошты на газ.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

«Чатырохгадовы кантракт быў падпісаны ў сьнежні 2006 году, а ў сьнежні 2007 году быў падпісаны двухбаковы мэмарандум як падмурак палітычных дзеяньняў. Гэтыя два дакумэнты зафіксавалі гаспадарчы і палітычны складнік у двухбаковых адносінах», — казаў напярэдадні расейскі амбасадар у Беларусі Сурыкаў. Паводле яго, цана газу для Беларусі выходзіць каля 250 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў.

У той прыезд Пуціна ў Менск бакі таксама абмяркоўвалі разьмяшчэньне сыстэмаў супрацьракетнай абароны Расеі ў Беларусі і пытаньні прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Паводле апошняга пункту Аляксандар Лукашэнка Ўладзіміру Пуціну дагэтуль не саступіў.