Улады стварылі бота ў Telegram, які дапаможа ня стаць дармаедам

©Shutterstock

Telegram-бот «Док-Менеджер» дае падказкі для праходжаньня адміністрацыйных працэдур і дзеліцца ўзорамі блянкаў, неабходных для звароту ў дзяржаўныя органы.

Атрымаць парады ад @belgobot могуць усе карыстальнікі мэсэнджэру Telegram. Праект быў створаны агенцыяй «TDI-Group» пры падтрымцы «Адзінага разьліковага цэнтру Менску» і службы «Адно акно» Менскага гарадзкога агенцтва абслугоўваньня насельніцтва.

Бот прапануе шаблёны заяваў, падказвае неабходныя дакумэнты, найбліжэйшыя дзіцячыя садкі ці выканкамы. «Док-Менеджер» дапамагае разабрацца з праходжаньнем 16 адміністрацыйных працэдур: ад адкрыцьця ІП і запісу дзіцяці ў садок да аплаты камуналкі.

Ёсьць тут і опцыя «Як ня стаць дармаедам». Бот папярэджвае пра адказнасьць за неафіцыйную працу і прапануе адкрыць ІП, стаць рамесьнікам ці аформіць дамову падраду.

Навігацыя па абраным пытаньні адбываецца з дапамогай кнопак «Так», «Не», «Далей». Ёсьць і клявіша «Нешта ня так». Ці не адсылка гэта да фільму «Мы браты», невядома.

Нягледзячы на запуск праекту ў ліпені, на момант публікацыі на канал «Док-Менеджера» ў Telegram было падпісана 78 чалавек. На сайце праекту анансаваны запуск бота ў Facebook і Viber.