Паводле пракурора Татарстану Ілдуса Нафікава, школьнікі ў рэспубліцы будуць вывучаць мову добраахвотна на падставе пісьмовай згоды бацькоў у межах да 2 гадзін на тыдзень. Падобныя правілы будуць дзейнічаць у дачыненьні дзяржаўных моваў рэспублік па ўсёй тэрыторыі Расеі.
Згодна з Канстытуцыяй Татарстану, расейская і татарская мовы зьяўляюцца дзяржаўнымі. Іх павінны выкладаць у школах у абавязковым парадку і ў роўным аб’ёме. Фэдэральнае заканадаўства кажа аб вывучэньні татарскай на добраахвотнай аснове. У сярэдзіне лістапада прэзыдэнт Татарстана Рустам Мініханаў заявіў, што татарская мова застанецца абавязковай для ўсіх навучэнцаў школ рэспублікі, але яе будуць выкладаць дзьве гадзіны на тыдзень замест ранейшых шасьці. Паводле яго, гэтыя ўмовы былі ўзгодненыя з фэдэральнымі ўладамі.
У канцы жніўня Ўладзімір Пуцін даручыў праверыць, як выконваецца ў рэгіёнах права расейцаў на добраахвотнае вывучэньне рэгіянальных і нацыянальных моваў і праходжаньне праграм па расейскай мове ў належным абʼёме. Пракуратура пастанавіла, што выкладаць нацыянальныя мовы ў рэспубліках можна толькі па жаданьні.
Раней бацькі расейскамоўных дзяцей скардзіліся, што татарскую мову выкладаюць у большых абʼёмах, чым расейскую. Адна з маці падала ў суд на кіраўніцтва Татарстану і запатрабавала грашовую кампэнсацыю.