Дзяржаўнае тэлебачаньне Пхэньяну заявіла 29 лістапада, што ракета Hwasong 15, выпушчаная ў Японскае мора, была «нашмат мацнейшай» і магутнейшай за папярэднюю.
Раней Міністэрства абароны ЗША паведаміла, што зафіксавала пуск і прасачыла за ракетай, запушчанай з Паўночнай Карэі, якая праляцела каля тысячы кілямэтраў і ўпала ў Японскае мора. Паводле папярэдніх ацэнак Пэнтагону, гэта была міжкантынэнтальная балістычная ракета.
«Наша прыхільнасьць справе абароны саюзьнікаў... перад тварам гэтых пагроз застаецца непахіснай», — гаворыцца ў заяве Пэнтагону.
Кажучы пра запуск ракеты, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў гэта сытуацыяй, «зь якой мы справімся».
У Белым доме паведамілі, што Трамп патэлефанаваў лідэрам Японіі і Паўднёвай Карэі, заявіўшы пра «сур’ёзную пагрозу», зьвязаную з запускам ракеты.
Асуджэньне за дзеяньні Пхэньяну выказалі NATO, ЭЗ і ААН.
У Аб’яднаным камітэце начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі заявілі, што Паўночная Карэя запусьціла балістычную ракету ў паўднёвай частцы Пхэньяну над морам, паміж Паўднёвай Карэяй і Японіяй.
Сэул заявіў, што адказаў ударам па вучэбных цэлях у адказ на пуск балістычнай ракеты КНДР.
«Мы ніколі не паддадзімся ніводнаму правакацыйнаму акту. Мы будзем максымальна выкарыстоўваць наш ціск на Пхэньян», — заявіў прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ.
29 лістапада Рада Бясьпекі ААН заплянавала экстранае пасяджэньне для абмеркаваньня запуску Пхэньянам ракеты, паведаміла місія ЗША ў ААН.
Аналітыкі сьцьвярджаюць, што выпрабаваньні міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты зьяўляюцца прыкметай далейшага прагрэсу Паўночнай Карэі ў распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня, якая можа нанесьці ўдар па мацерыковай частцы Злучаных Штатаў.
«Усе краіны павінны працягваць моцныя эканамічныя і дыпляматычныя захады», — заявіў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан і заклікаў да наяўных санкцый дадаць забарону аб перавозцы марскіх грузаў у і з КНДР для павышэньня бясьпекі на моры.
На мінулым тыдні адміністрацыя ЗША унесла Паўночную Карэю ў сьпіс дзяржаў — спонсараў тэрарызму і ўжыла новыя санкцыі супраць гэтай краіны.
Сёлета КНДР выпрабавала некалькі міжкантынэнтальных балістычных ракет і ажыцьцявіла шосты ядзерны выбух, што выклікала крытыку і неспакой у сьвеце.