Лукашэнка і Назарбаеў наведаюць беларуска-казахстанскі бізнэс-форум

Нурсултан Назарбаеў падчас аднаго з візытаў у Менск

29-30 лістапада адбудзецца афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Сёньня ён правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама возьме ўдзел у беларуска-казахстанскім бізнэс-форуме, на заўтра прызначана сэсія Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ.

Як паведамляецца на сайце Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, у парадку дня форуму — разгляд пэрспэктыўных кірункаў супрацоўніцтва дзелавых колаў Беларусі і Казахстану, перамовы паміж бізнэсоўцамі дзьвюх краінаў.

Чакаецца, што з казахстанскага боку будуць удзельнічаць паўтары сотні прадстаўнікоў кампаній, якія працуюць у сфэры машынабудаваньня, сельскай гаспадаркі, вытворчасьці сельгасабсталяваньня, харчовай і лёгкай прамысловасьці, гандлю і паслуг, лягістыкі, банкаўскай дзейнасьці, інвэстыцый, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.

30 лістапада ў Менску пройдзе саміт краін – удзельніц Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Анансуецца прыняцьце дэклярацыі з нагоды 15-годзьдзя стварэньня АДКБ. ​


Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў

Перад гэтым Нурсултан Назарбаеў наведваў Беларусь з афіцыйным візытам у 2012 годзе. Аляксандар Лукашэнка апошні раз быў у Казахстане з аналягічным візытам у 2014-м.