На судзе над расейскім міністрам узважылі 2 мільёны даляраў

Аляксей Улюкаеў у судзе 3 кастрычніка 2017 году

У Замаскварэцкім судзе Масквы ўзважылі 2 мільёны даляраў на пасяджэньні па справе былога міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Аляксея Ўлюкаева. Правесьці сьледчы экспэрымэнт прасіў пракурор, судзьдзя задаволіла хадайніцтва. Вага грошай склала амаль 22 кіляграмы.

Улюкаева абвінавачваюць у вымаганьні хабару 2 мільёны долараў у кіраўніка кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына. 28 лістапада суд адмовіўся пяты раз выклікаць Сечына для дачы паказаньняў. Раней кіраўнік нафтавай кампаніі чатыры разы не зьявіўся на паседжаньні, спаслаўшыся на занятасьць.

Паказаньні Сечына ня сталі зачытваць у судзе ў сувязі з пратэстамі адвакатаў Улюкаева. Былы міністар абвінаваціў Сечына «у заведама ілжывым абгаворы». Паводле Ўлюкаева, ён думаў, што ў сумцы з грашыма было віно.

Ігар Сечын

Псыхолягі і лінгвісты заявілі ў судзе, што паводле запісаў размоў Сечына і Ўлюкаева нельга адназначна сьцьвярджаць, што чыноўнік ведаў, што ў сумцы знаходзяцца грошы. Адзін з экспэртаў распавёў пра «прыкметах скрытнасьці» ў Сечына ў момант меркаванай перадачы хабару, пры гэтым «прыкмет правакацыі» у яго дзеяньнях не выявілі.

Аляксей Улюкаев быў затрыманы ў лістападзе мінулага году ў офісе кампаніі «Роснефть». Паводзе вэрсіі следства, ён патрабаваў грошай за тое, каб ўхваліць дамову на куплю акцый кампаніі «Башнефть». Экс-міністар адпрэчвае абвінавачваньні і сьцьвярджае, што яго затрыманьне і крымінальны перасьлед — гэта правакацыя з боку Сечына і ФСБ. Улюкаеў знаходзіцца пад хатнім арыштам.