Украінскаму журналісту Шаройку ў Беларусі выставілі афіцыйнае абвінавачваньне ў шпіянажы

Карэспандэнт «Украінскага радыё» Паўло Шаройка, архіўнае фота

Грамадзяніну Ўкраіны Паўлу Шаройку, затрыманаму ў Беларусі, выстаўленае абвінавачваньне ў шпіянажы, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзьмітры Пабяржын.

Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка. Журналіста «Ўкраінскага Радыё» КДБ назвала «стваральнікам агентурнай сеткі» ў Беларусі, завялі крымінальную справу за шпіянаж (арт. 358 КК РБ) і ўзялі пад варту ў адзіночную камэру СІЗА КДБ. За шпіянаж пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. КДБ сьцьвярджае, што Шаройка нібыта прызнаў віну. Мінабароны Ўкраіны і «Ўкраінскае радыё» сьцьвярджаюць, што зьвесткі «не адпавядаюць рэчаіснасьці». Тэлеканал «Беларусь-1» сьцьвярджае, што выяўленыя зьвесткі пра 16 агентаў «шпіёнскай сеткі».

Разам з Шаройкам, паводле КДБ, быў затрыманы грамадзянін Беларусі, супраць якога распачалі справу за «дзяржаўную здраду». Але ці выставілі яму абвінавачаньне, КДБ пакуль не паведамляла.