Закон забараняе ўезд у Літву замежнікам, зьвязаным з парушэньнем правоў чалавека, карупцыяй і адмываньнем грошай. Закон уступае ў моц 1 студзеня 2018 года.
Закон забараняе ўезд у Літву на пяць гадоў замежнікам, якія ўчынілі цяжкія злачынствы супраць асобы ў роднай краіне. Рашэньне аб тым, хто ўвойдзе ў «чорны сьпіс» будзе прымаць Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. У законе пазначана, што фігурантам «акту Магніцкага» не будуць спэцыяльна паведамляць пра тое, што ім забаранілі ўезд у краіну. Парлямэнт рэспублікі прагаласаваў за прыняцьце дакумэнта 16 лістапада. Тады ў пасольстве Расеі ў Літве новыя меры назвалі «недружалюбным крокам» і прыгразілі «захадамі ў адказ».
Арыгінальны «акт Магніцкага» быў прыняты Кангрэсам ЗША ў канцы 2012 года. Свая вэрсія «закона Магніцкага» ёсьць таксама ў Вялікабрытаніі. Аналягічны закон у пачатку лістапада прынялі ўлады Канады. У санкцыйны сьпіс трапіла 30 расейцаў, у тым ліку кіраўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Бастрыкін. Расея ў адказ забараніла ўезд дзясятку канадцаў.
Дакумэнт назвалі ў памяць аб юрысьце фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага. Ён раскрыў схему буйных крадзяжоў з расейскага бюджэту. Расейскія ўлады абвінавацілі юрыста ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Ён памёр у маскоўскім сьледчым ізалятары ў 2009 годзе.