Рашэньне павялічыць тэрмін расьсьледаваньня зьнікненьня 10-гадовага Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы да чатырох месяцаў зьвязана «са значным памерам працэсуальных і расьсьледніцкіх дзеяньняў». Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэта Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч, перадае БелТА.
«Рашэньне прынятае празь неабходнасьць выканаць значны аб'ём сьледчых і працэсуальных дзеяньняў. Сьледчымі УСК Гродзенскай вобласьці ва ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, органамі мясцовага самакіраваньня, МНС, Міністэрствам абароны, праведзена вялікая праца, накіраваная на ўстанаўленьне месцазнаходжаньня зьніклага», — сказаў Шаршаневіч.
Таксама вядома, што дагэтуль рэалізуецца «комплекс вышуковых і сьледчых дзеяньняў, праводзіцца шэраг экспэртных дасьледаваньняў». Працягваюцца пошукавыя мерапрыемствы ў меркаваным кірунку руху хлопчыка — забалочанай мясцовасьці Белавескай пушчы.
Хлопчык абвешчаны ў міжнародны вышук
Зьніклага 16 верасьня ў Белавескай пушчы Максіма Мархалюка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Сьледчы камітэт Беларусі. Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблудзіў у лесе.
Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 11-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22-й гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.
Your browser doesn’t support HTML5
У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.
Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, пазьней супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.