У Расеі Глэмбоцкі працаваў у архівах і пасьпеў прачытаць дзьве лекцыі пра так званую польскую апэрацыю НКВД, у выніку якой на тэрыторыі СССР у 1937-1938 гадах было забіта ад 111 да 200 тысяч палякаў.
«Затрыманьне адбылося ў пятніцу каля апоўначы пасьля майго вяртаньня з Санкт-Пецярбурга ў Маскву. Пасьля выхаду зь цягніка на вакзале мяне затрымаў патруль і завёў у памяшканьне, дзе чакала вялікая група супрацоўнікаў ФСБ. Яны здымалі ўсё на камэру і зачыталі мне пастанову ФСБ. З гэтага дакумэнту вынікала, што я павінен цягам сутак пакінуць тэрыторыю Расеі» — распавёў Глэмбоцкі Польскаму агенцтву друку.
Пастанова ФСБ была падпісаная 21 лістапада. У той самы дзень Генрык Глэмбоцкі прачытаў лекцыю ў Польскім Інстытуце ў Санкт-Пецярбургу пра рэпрэсіі НКВД супраць палякаў у СССР.
Гісторык дадаў, што супрацоўнікі ФСБ прымушалі яго падпісаць дакумэнт, але ён адмовіўся.
«Я ім сказаў, што ў ПНР, калі мяне ў такіх абставінах затрымлівала Служба бясьпекі, я нічога не падпісваў, і што цяпер без польскіх дыпляматаў нічога не падпішу».
Прафэсар Ягелёнскага ўнівэрсытэту з Кракава ўжо вярнуўся ў Польшчу.