«Захоўваць стала». Тры кіназаяўкі Ўладзімера Караткевіча з архіваў Кіева

Уладзімер Караткевіч з савецкімі літаратарамі ў Ялце, люты 1974 года, фота з кіеўскіх літархіваў

У Цэнтральным дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва Ўкраіны захоўваюцца тры сцэнарныя заяўкі на мастацкія фільмы, якія беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч прапанаваў зрабіць на Кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі.

Пры жыцьці пісьменьніка кінастудыя «Беларусьфільм» экранізавала самыя вядомыя яго творы — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі» (апошнія два часткова здымаліся ў замках Львоўскай ды Хмяльніцкай абласьцей Украіны). Аднак Уладзімер Караткевіч намагаўся ўвайсьці і ва ўкраінскае кіно — ён у 1944 годзе пэўны час жыў у Кіеве ў сваёй цёткі па маці, вучыўся ў Кіеўскім ўнівэрсытэце імя Шаўчэнкі, працаваў у Кіеўскай вобласьці, добра ведаў украінскую мову.

Першая сцэнарная заяўка Ўладзімера Караткевіча на кіеўскую кінастудыю

У сьнежні 1953 году, яшчэ падчас свайго навучаньня на аддзяленьні расейскай філялёгіі ў Кіеўскім унівэрсытэце, Уладзімер Караткевіч накіраваў на кінастудыю літаратурны сцэнар фільма пад умоўнай назвай «Журналісты».

Галоўным героем мусіў стаць малады журналіст Георгій Дружынін, які толькі пачынае сваю дзейнасьць у абласной газэце. Ён марыць напісаць вялікі крытычны артыкул, а вымушаны разьбіраць і апрацоўваць рэдакцыйную пошту. Калі ж выпадае шанец раскрыць сапраўдную сутнасьць аднаго з кіраўнікоў шахты, яму пагражае звальненьне. Але галоўны рэдактар яго адстойвае, і ўрэшце малады журналіст вымушаны паціснуць руку свайму адмоўнаму герою.

Група савецкіх літаратараў у Крыме. Зьлева ўверсе — Уладзімер Караткевіч, 1974 год (фота з кіеўскіх архіваў)

Але гэтая заяўка не была зацьверджаная. Як вынікае з рэзалюцыі на тэксьце, «адбылася вусная размова таварыша Марцянава з аўтарамі». У Нацыянальным цэнтры Аляксандра Даўжэнкі не выключаюць, што гэтая рэзалюцыя можа належыць прадстаўніку Кампартыі Ўкраіны таго часу, якія заўсёды працавалі ў складзе мастацкіх камісій, што разглядалі сцэнарныя заяўкі.

Рэзалюцыя па выніках разгляду заяўкі на фільм «Журналісты»

У 1962 годзе, амаль празь 10 гадоў пасьля першай няўдалай спробы, Уладзімер Караткевіч накіроўвае на кінастудыю імя Даўжэнкі яшчэ дзьве заяўкі на поўнамэтражныя мастацкія фільмы.

Кінастужка «Батальён жаўтаротых» мусіла распавядаць пра барацьбу ў першыя пасьляваенныя гады з ляснымі бандамі.

Уладзімер Караткевіч апісвае галоўных герояў фільма «Батальён жаўтаротых»

А «Горад на краі вясёлкі» — пра двух сяброў, будучых архітэктараў. Адзін зь іх Юрась Музычэнка марыў пабудаваць мост. Але пачынаецца вайна, яго прызываюць у войска і амаль адразу даручаюць падарваць мост пры адступленьні савецкіх войскаў. За адмову «руйнаваць сваю мару» яго караюць, але ўрэшце, калі Кіеў вызваляюць ад немцаў, ён стварае свой першы мост, хаця і не такі, як плянаваў — з падручных матэрыялаў.

Першая старонка заяўкі на фільм «Горад на краі вясёлкі»

«Город у края радуги — это Киев. Не верите — посмотрите на него, когда гроза откатывается за Днепр и радуга встает прямо из заречных лугов. Листва парков тогда тяжелая и зелёная, а в золотых куполах вспыхивают искры, и куполы тоже кажутся радужными. Этот город очень дорог мне... Это лучший город в мире, если, конечно, не считать Минска. Впрочем, что касается Минска, во мне, наверное, говорит узкий патриотизм. Но все равно Киев второй город в мире, и я не отдам десяти Тауэров за барокко лаврской печатни», — такім чынам пачаў заяўку на сцэнарый да фільму Уладзімер Караткевіч.

Сцэнарныя заяўкі Ўладзімер Караткевіч пісаў на расейскай мове, але ва ўсіх іх прысутнічаюць дыялёгі на ўкраінскай мове. Як вядома, Уладзімеру Караткевічу вельмі падабаўся дыялектны калярыт. Прысутнасьці беларускасьці ён патрабаваў і ў перакладах сваіх твораў на расейскую мову.

Нягледзячы на тое, што ў гэты час Уладзімер Караткевіч ужо меў дыплём вышэйшых літаратурных і сцэнарных курсаў у Маскве, абедзьве заяўкі 1962 года засталіся бяз руху. Прычыны, як і ў першым выпадку, — невядомыя. У архівах не захоўваюцца адказы, якія Кіеўская кінастудыя імя Даўжэнкі накіроўвала сцэнарыстам. Паводле ж украінскіх экспэртаў, у той час, кіеўская кінастудыя, як і студыі ў іншых рэспубліках СССР, аддавала перавагу час мясцовым сцэнарыстам. Тым ня менш, справы з заяўкамі Уладзімера Караткевіча загадана «захоўваць стала».