«Апостал» XVII стагодзьдзя прыехаў у Магілёў

У Магілёве прадставілі грамадзкасьці старадрук XVII стагодзьдзя, набыты за сродкі гарадзкога бюджэту. Рэдкі экзэмпляр кнігі «Апостал», выдадзенай друкаром Сьпірыдонам Собалем у 1632 годзе, папоўніць экспазыцыю музэю гісторыі Магілёва. Прэзэнтацыя выданьня адбылася ў залі ўрачыстасьцяў ратушы.

Як кажа дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў, набыты магілёўцамі экзэмпляр «Апостала» 1632 году выданьня першы ў Беларусі. Яшчэ па адным асобніку кнігі 1638 году мае Нацыянальная бібліятэка і бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук. Усяго вядома пра шэсьць кніг, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музэях Украіны ды Расеі.

Набылі старадкук для магілёўскага музэя супольнымі намаганьнямі рупліўцаў беларускай даўніны і сродкамі, выдзеленымі з гарадзкога бюджэту. Займаліся пытаньнямі набыцьця кнігі пяць гадоў. Купілі яе ў адной з краінаў Эўразьвязу.

«У Магілёве з часоў вайны, калі нашы каштоўнасьці амаль усе зьніклі зь мясцовага музэя, не было ніводнага экзэмпляра кніг Сьпірыдона Собаля. Таму для нас стала справай гонару, каб у Магілёве адна з самых знакамітых асобаў была рэпрэзэнтаваная ягоным творам. А самым галоўным яго творам былі кнігі», — адзначыў Аляксей Бацюкоў на прэзэнтацыі.

Дырэктар музэю падзякаваў супрацоўнікам гарвыканкаму, якія, як ён сказаў, зразумелі наколькі важна гораду разьвіваць культурны і музэйны фонд. Кошт старадруку не называецца. Паводле Аляксея Бацюкова першапачаткова за яго прасілі 10 тысяч даляраў. Гэтую суму, казаў журналістам дырэктар музэю, удалося зьбіць прыблізна напалову.

Адна з гравюраў кнігі «Апостал»

Сьпірыдон Собаль выдрукаваў блізу пятнаццаці розных выданьня, некаторыя зь перавыдаваліся па некалькі разоў. Першыя кнігі «Апостала» ён надрукаваў у Кіеве ў 1630 годзе. Другі раз ужо ў Беларусі перавыдаў пасьля 1632 году ў друкарнях Куцеінскага і Буйніцкага праваслаўных манастыроў. Наладзіць кнігадрукаваньне дапамог яму магнат Багдан Статкевіч. Беларускія выданьні маюць адрозьненьні ад кіеўскіх аздабленьнем гравюраў і тэкстаў. У набытай кніжцы «Апостал» 222 старонкі.

Сьпірыдон Собаль нарадзіўся ў Магілёве. Дзякуючы бацьку-купцу атрымаў неблагую па часах сярэднявечча адукацыю. Валодаў грэцкай і лацінскай мовамі. Акрамя кніг рэлігійнага зьместу, Собаль выдаваў і агульнаадукацыйныя. Адзіны экзэмпляр яго «Буквара» захоўваецца ўва Львове. Дырэктар музэя гісторыі беларускай літаратуры Зьміцер Яцкевіч на прэзэнтацыі выказаў спадзеў, што ўдасца набыць і гэта рэдкае выданьне. На думку Яцкевіча, постаць друкара Сьпірыдона Собаля чакае навуковага пераасэнсаваньня.

Шыльда ў памяць пра Сьпірыдрона Собаля, які ў магілёўскай друкарні выдаваў свае кнігі, у тым ліку свой «Буквар»

У музэі гісторыі Магілёва захоўваецца больш за дзясятак старадрукаў. Сярод іх экзэмпляр Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Амаль усе старыя кнігі набываліся на ахвяраваньні.