Пяцёх замежных заўзятараў будуць судзіць за бойку ў Барысаве

Заўзятары "Црвэны Звэзды" на барысаўскай арэне

23 лістапада ў Барысаве напярэдадні і падчас футбольнага матчу паміж камандамі БАТЭ (Барысаў) і «Црвэна Звэзда» (Бялград) за ўдзел у бойцы ў кавярні і агрэсіўныя паводзіны затрымалі 14 замежных грамадзянаў, паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.

На ўсіх складзеныя пратаколы за хуліганства і зьяўленьне ў грамадзкім месцы нецьвярозымі.

Паводле кіраўніка прэсавай службы Менскай абласной міліцыі Яўгена Сачака, некаторыя замежныя заўзятары, якія прыехалі на футбол у Барысаў, былі нецьвярозыя і паводзілі сябе неадэкватна.

«Гэта былі замежныя заўзятары. На іх склалі пратаколы. 9 аматараў футболу пасьля гэтага адпусьцілі, а 5 дагэтуль застаюцца пад вартай», — паведаміў раніцай 24 лістапада Яўген Сачак, дадаўшы, што сёньня іх будуць судзіць.

Ён удакладніў, што ўсяго складзена 20 пратаколаў. Сачак пацьвердзіў, што на матчы было шмат фанатаў маскоўскага «Спартака», якія традыцыйна падтрымліваюць сэрбскія клюбы, але сярод затрыманых іх няма.

Паводле крыніцаў у Барысаве, прычынай бойкі ў адной з гарадзкіх кавярняў стаў канфлікт зь мясцовымі жыхарамі.

Фотагалерэя. БАТЭ ня здолеў выйграць у «Црвэнай Звэзды», якую ў Барысаве падтрымлівалі расейскія фанаты