Як жывецца беларусам у Канадзе, якую прэм’ер краіны Жустэн Трудо абвесьціў першай постнацыянальнай краінай сьвету? Пра краіну, якая сёлета сьвяткуе 150-годзьдзе дзяржаўнасьці, у інтэрвію Свабодзе распавядае новая старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады Алена Лявончанка.
Вандроўка Алены ў Канаду пачалася зь вёскі ў Магілёўскай вобласьці, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Высокі Борык у Краснапольскім раёне, дзе сыходзяцца Расея, Украіна і Беларусь, выселілі неўзабаве пасьля выбуху. Зьмяняць пасьля гэтага месцы жыхарства Алене давядзецца ня раз.
Пасьля заканчэньня хімфаку БДУ, спэцыяльнасьць фармацэўтычная хімія, яна марыла працягнуць навуковую працу ў Беларусі. Але ўладкавацца на адзінае ў 90-ыя гады ў краіне фармакалягічнае прадпрыемства «Белмедпрэпараты» было амаль цудам. Алена паехала вучыцца ў Бэльгію, потым скочыла асьпірантуру ў нямецкім Гетынгене і абараніла ступень доктара навук у малекулярнай біялёгіі.
«Калі я пачала шукаць працу, то выявілася, што ў Нямеччыне гэта ня так проста. Пошук самай прывабнай краіны сьвету ў маёй сытуацыі прывёў у Канаду. Вельмі простыя правілы, лёгка атрымаць візу. Наконт працы я дамовілася праз інтэрнэт з прафэсарам унівэрсытэту ў Таронта. Падала аплікацыю, і літаральна празь месяц мы з мужам пераехалі», — расказвае Алена.
Пра Канаду Алена амаль нічога ня ведала. Але першае ўражаньне пра ветлівую і шматнацыянальную краіну, якое склалася на лётнішчы ў Таронта, як не падманула і да сёньня.
«Імігранты — гэта здабытак для Канады»
Канада, насуперак усясьветнаму трэнду імігрантафобіі, прымае імігрантаў вельмі ахвотна. Летась у краіну іх прыехала трэць мільёну. І Канадзе, як лічыць Алена, удалося знайсьці эфэктыўны шлях уцягваньня іх у грамадзтва без асыміляцыі.
«Імігранты — гэта для Канады здабытак. Калі я жыла ў Нямеччыне, там імігранты жылі ізалявана. Іхныя дзеці нават у 3 ці 4 клясе не размаўлялі па-нямецку. Мужчыны трымалі свой традыцыйны бізнэс, ня зьмешваліся з насельніцтвам, а насельніцтва не хацела зьмешвацца зь імі. Тут зусім інакш. Тут дзяржава дае табе падтрымку. Ня толькі грашовую, але сыстэмную»
Іншаземцам у Канадзе гаранатуюць моўныя курсы. Зарэгістраваць малы бізнэс, плаціць падаткі, афармляць дакумэнты — усё праз інтэрнэт. Дзяржава дае льготныя крэдыты на перавучваньне. Нэгатыўны бок у тым, што для добрай працы патрэбны канадзкі працоўны досьвед. А бяз досьведу не бяруць на працу. Замкнёнае кола. І гэтым карыстаюцца ўсе працадаўцы: калі ты бяз досьведу, плацяць менш і за кваліфікаваную працу. І звычайна, каб дайсьці да нармальнай аплаты, трэба зьмяніць некалькі працаў.
«Большасьць беларусаў тут — „айцішнікі“. Прынамсі амаль палова мужчын, якія наведваюць беларускі цэнтар. Ёсьць лекары, адвакаты, бізнэсоўцы, банкіры. Але першая праца ў большасьці была зусім іншая — у фастфудах або прыбіраньне. Але яны ведалі, кім хочуць быць, нехта перавучваўся».
Алена кажа, што ў канадзкай дзяржавы вельмі простая філязофія: мы табе даем магчымасьць, а ты бяры, карыстайся, разьвівайся.
Першы час у Канадзе Алена працавала навуковай супрацоўніцай у лябараторыі Унівэрсытэту Таронта. Там яна займалася дасьледаваньнем малекулярнай структуры бялкоў.
«Пасьля знайшла працу ў фармакалягічнай карпарацыі Sanofi Pasteur. Гэта буйная француская кампанія, якая займаецца вытворчасцю вакцынаў у розных краінах свету. Дарэчы, зробленая нашай кампаніяй вакцына прадаецца і ў Беларусі», — кажа Алена Лявончанка.
У Sanofi Pasteur Алена навуковы супрацоўнік, мэнэджар, укараняе новыя тэхналёгіі.
Постнацыянальная краіна, якая шукае сваю ідэнтычнасьць
Канаду, якая ўзьнікла на індзейскай тэрыторыі ў выніку францускай і брытанскай калянізацыяў, называюць краінаю без нацыянальнай сьвядомасьці. Акрамя інуітаў і індзейцаў, усе ў гэтай краіне імігранты. Прэм’ер Трудо нават абвесьціў Канаду першай постнацыянальнай краінай сьвету.
«Калі ў ЗША кажуць, што Амэрыка — гэта плавільны кацёл для ўсіх культураў, то Канада ўспрымае іншыя культуры як нешта адметнае і цікавае. Дзяржава клапоціцца пра захаваньне іншых культураў і заахвочвае кожнага іншаземца захоўваць сваё, бо лічыць гэта каштоўнасьцю для дзяржавы», — кажа Алена.
Але канадцы, на яе думку, ўсё адно заклапочаныя пошукам канадзкай ідэнтычнасьці. Пра гэта пастаянна пішуць вялікія праграмныя артыкулы, вядуць дыскусіі. Канаду Алена параўноўвае зь Беларусьсю, якая таксама мае побач моцнага суседа і ня хоча ўспрымацца як яго частка. «Калі вы перакрочыце кандзка-амэрыканскую мяжу, то пабачыце тыя ж супэрмаркеты і прадукты. Толькі ў Амэрыцы ўсяго больш і яно таньней каштуе. І супольная гісторыя ў канадцаў і амэрыканцаў доўгая. Яны трохі ваявалі, як і мы з Расеяй, але ня так зацята, як мы. Але тут вельмі ганарацца перамогамі над амэрыканцамі. Гэта частка канадзкай гісторыі. Канадцы клапоцяцца, каб быць адметнымі», — гаворыць Алена.
У канадцаў, як і ў беларусаў, ёсьць свой набор адметнасьцяў, якімі яны ганарацца. Аналяг беларускай бульбы або вышыванкі ў Канадзе — гэта каноэ. Там лічыцца, што кожны канадзец павінен умець плаваць на каноэ. Беларусаў дражняць іхным акцэнтам, а ў канадцаў ёсьць сваё адметнае слова «эй», якое яны лічаць разынкаю сваёй ангельскай мовы. Сымбалі Канады — гэта і клятчастая форма лесаруба, і кляновы сыроп.
«Але галоўнае, пра што яны кажуць, — гэта талерантнасьць і вытрыманасьць як нацыянальныя рысы. Нават калі вы штурхняце канадца, ён вам першым скажа „прабачце“. Канадцаў успымаюць як вельмі стрыманых, так, як і беларусаў. Увогуле Канада як Беларусь, толькі ім усё ўжо ўдалося».
Узровень жыцьця ў ЗША вышэйшы, чым у Канадзе, кажа Алена. І за сваю працу яна больш зарабляла б у Амэрыцы. Але канадзкая мара, адрозна ад амэрыканскай, трымаецца на большай сацыяльнай роўнасьці, і гэта робіць Канаду прывабнаю для нашай гераіні.
«Тут цябе ня кінуць аднога. Калі маеш жаданьне працаваць і разьвівацца, то табе будуць дапамагаць. Мэдычнае страхаваньне тут амаль бясплатнае і амаль для ўсіх. Калі ты тут легальна знаходзісься і захварэў, табе не прышлюць рахунак на мільён і ты ня будзеш ведаць, дзе ўзяць грошы. Вядома, ёсьць і тут багацейшыя, ёсьць і сярэднія, але няма амэрыканскага культу „зарабіць больш грошай“. Сацыяльная справядлівасьць і роўнасьць — гэта частка дзяржаўнае палітыкі».
«Цяжка жыць, калі ты ня ведаеш, хто ты такі»
На мінулым тыдні Алену абралі старшынёй Згуртаваньня беларусаў Канады. Гэтую арганізацыю заснавалі ў 1948 годзе паваенныя эмігранты.
«Калі я пазнаёмілася з тым, што яны зрабілі, то была моцна ўражаная. Яны пражылі тут паўстагодзьдзя без зваротнай сувязі, ня ведалі, ці лясьнецца некалі той СССР. Але ў іх была моцная патрэба быць сабою. Яны лічылі, што так правільна. І я калі бачу гэта ўсё, то разумею, што нельга гэта кідаць, трэба гэта падтрымліваць», — кажа Алена.
У Таронта ёсьць беларуская царква, свой сьвятар, беларускі культурны цэнтар. Паводле Алены, сёньня больш няма патрэбы будаваць нешта новае, трэба эфэктыўна карыстацца тым, што ёсьць, каб зрабіць беларускую грамаду цікавейшай і адкрытай для новапрыбылых беларусаў ды іхных дзяцей.
«У Таронта жыве каля 10 тысяч беларусаў. Але такой патрэбы жыць актыўным беларускім жыцьцём, як раней, ужо няма. Людзі спакойна езьдзяць у Беларусь, камунікуюць са сваякамі і сябрамі зь Беларусі праз інтэрнэт».
Новыя беларускія імігранты ў Канадзе, распавядае Алена, часта не разумеюць прывязанасьці да нацыянальных сымбаляў і мовы. Але на другі-трэці раз пачынаюць размаўляць па-беларуску.
«Многія даўно страцілі надзею, бо бачаць, як гэта ўсё стаіць на месцы ў Беларусі, што і мова, і сымбалі мала каму патрэбныя. Але калі ў іх у Канадзе зьяўляецца магчымасьць свабодна выказвацца, то гэтая прыхільнасьць хутка разьвіваецца. І яны пачынаюць хадзіць на курсы „Мова-нанова“, лепяць на машыну „Пагоню“. Быць кропляй супу ў плавільным катле мала каму падабаецца, хочацца адметнасці, унікальнасьці. І нацыянальнасць, карані — гэта адна з такіх прывязак».
Пытаюся ў Алены, ці не прасьцей было б стаць канадкай, жыць цалкам канадзкім жыцьцём і не перажываць за краіну, якая хоць і радзіма, але ўжо даўно ня дом.
«Дарослы чалавек ня можа кінуць усё, што ў яго было ў жыцьці, і стаць новым чалавекам. Асабліва калі вы гадуеце дзяцей. Вы разумееце, што ў тым асяродку, у якім яны гадуюцца, гэта застанецца зь імі на ўсё жыцьцё. Я размаўляю з дачкой па-беларуску. Калі яна вырасьце, ня думаю, што яна скажа — мама, хачу стаць японкай або кітаянкай. У яе назаўсёды будзе і кавалак канадзкага жыцьця, і той кавалак беларускага, які мы ёй далі», — кажа Алена.
Не адступаю ад Алены і дапытваю, навошта гэта дачцэ, якая і так, хутчэй за ўсё, ня вернецца ў Беларусь і будзе жыць у Канадзе.
«Людзі шукаюць, чым ганарыцца. Цяжка жыць, калі ты ня ведаеш, хто ты такі. За мяжой шмат што робіцца і для гістарычнай навукі, для літаратуры. Чаму б гэтага не рабіць тут, калі ёсьць жаданьне і сіла. Разьвіваць культуру, пашыраць веды пра Беларусь. Трэба трымацца адзін аднаго. Беларус, калі яму тут добра, жыве сваім жыцьцём. Але калі нешта адбываецца, нейкія праблемы, то першыя, да каго ён ідзе — да сваіх. У мяне цяпер увогуле дзьве ідэнтычнасьці — і канадзкая, і беларуская. У сучасным сьвеце гэта нармальна. І я б нават не сказала, што я жыву ў эміграцыі. Я проста жыву ў іншай краіне. Эміграцыя — кепскі тэрмін. У сучасным сьвеце яго ня вярта ўжываць. Я жыву ў Канадзе, і калі я магу быць карыснай для Беларусі, то я буду».