Аляксандар Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі. Адзначаецца, што гэта ключавы дакумэнт пакету нарматыўных прававых актаў па паляпшэньні бізнэс-клімату.
Дэкрэт прадугледжвае «кардынальную зьмену мэханізмаў узаемадзеяньня дзяржаўных органаў і бізнэсу, мінімізуе ўмяшаньне службовых асобаў у працу суб’ектаў гаспадараньня і ўзмацняе мэханізмы самарэгуляваньня бізнэсу, яго адказнасьць за сваю працу перад грамадзтвам», адзначаецца ў паведамленьні.
«Для рэалізацыі дэкрэту яшчэ 200 крокаў». Лідэры прадпрымальнікаў пра новы дэкрэт прэзыдэнта
Пры гэтым з боку дзяржавы захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю, адзначае прэс-служба Лукашэнкі.
Паведамляльны парадак рэгістрацыі бізнэсаў
Дзеля дасягненьня гэтых мэтаў, паводле прэс-службы Лукашэнкі, уводзіцца паведамляльны парадак ажыцьцяўленьня найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасьці. Гэта бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасьць у сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасьць прадукцыі, будматэрыялаў і іншыя распаўсюджаныя віды дзейнасьці.
«Такім чынам, дзеяньне дакумэнту ахоплівае сфэры, у якіх засяроджана прыкладна 95% малога і сярэдняга бізнэсу», — падкрэсьлілі ў прэс-службе.
Для ажыцьцяўленьня гэтых відаў дзейнасьці дастаткова будзе падаць адзінае апавяшчэньне ў выканкам праз службу «адно акно» (дапускаецца паштовае адпраўленьне з паведамленьнем аб уручэньні) альбо з дапамогай парталу электронных паслуг. На наступны дзень ужо можна займацца заяўленым відам дзейнасьці.
Пажарныя і санітарныя нормы «максымальна сыстэматызаваныя і скарочаныя»
Дэкрэт зацьвердзіў «максымальна сыстэматызаваныя і скарочаныя» агульныя патрабаваньні пажарнай бясьпекі, санітарна-эпідэміялягічныя патрабаваньні, патрабаваньні ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя і вэтэрынарыі да разьмяшчэньня, абсталяваньня, утрыманьня і эксплюатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканьняў. Яны будуць абавязковыя для выкананьня ўсімі субʼектамі эканамічнай дзейнасьці.
Палажэньні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія зьмяшчаюць патрабаваньні ў гэтай сфэры, будуць цяпер, да іх адмены, мець для прадпрымальнікаў выключна рэкамэндацыйны характар.
Ліквідуюцца адміністрацыйныя барʼеры
Як адзначаецца ў паведамленьні, дэкрэтам «максымальна ліквідуюцца» адміністрацыйныя барʼеры, зьвязаныя са складанымі і працяглымі працэдурамі, атрыманьнем мноства даведак, узгадненьняў і іншай дазвольнай дакумэнтацыі.
Так, прадпрыемствам сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня ня трэба будзе зьвяртацца ў выканкамы па ўзгадненьне рэжыму працы крам, рэстаранаў і кафэ. Выключэньне зробленае толькі для ўстаноў, якія працуюць у начны час (з 23.00 да 7.00).
У сфэры транспартнай дзейнасьці адмяняецца абавязковае патрабаваньне афармляць дарожныя лісты для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах.
Адмяняюцца іншыя залішнія і эканамічна затратныя патрабаваньні і абмежаваньні для бізнэсу ў сфэрах вытворчасьці прадукцыі, будаўніцтва і транспарту, гандлю і іншых.
Кіраўнік адкажа штрафамі за працу прадпрыемства
Адначасова дэкрэт вызначае адміністрацыйную адказнасьць кіраўніка за забесьпячэньне нармальнай працы прадпрыемства. У прыватнасьці, за непрыняцьце ім неабходных захадаў дзеля належнай арганізацыі дзейнасьці прадпрыемства, калі гэта пацягнула за сабой шкодныя наступствы і калі няма прыкмет злачынства ці іншага адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь.
«Гэтая мера закліканая павысіць адказнасьць бізнэсу за сваю дзейнасьць перад грамадзтвам і дзяржавай на фоне лібэралізацыі патрабаваньняў», — удакладнілі ў прэс-службе.
Чаго чакаюць ад дэкрэту
У прэс-службе лічаць, што дакумэнт мае надаць «неабходны імпульс разьвіцьцю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасьць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвэстыцыйны клімат у краіне».
Дакумэнт мае надаць «неабходны імпульс разьвіцьцю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасьць грамадзян, палепшыць інвэстыцыйны клімат»
БелаПАН нагадвае, што дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» рыхтаваўся ў межах дзейнасьці створанай у студзені 2017 году працоўнай групы па стымуляваньні дзелавой актыўнасьці на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай. З чальцамі працоўнай групы Лукашэнка абмяркоўваў будучы дакумэнт на сустрэчы ў лютым. Першапачаткова меркавалася, што дэкрэт можа зьявіцца ўжо ў другім квартале гэтага году.
19 верасьня Лукашэнка падпісаў указ №337, які дазволіў індывідуальным прадпрымальнікам весьці шэраг відаў дзейнасьці без рэгістрацыі, але з выплатай адзінага падатку.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цяпер рыхтуецца сустрэча кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі бізнэсу.