Цэнтар Луганску працягваюць блякаваць узброеныя людзі

Луганск, 22 лістапада 2017 году.

Цэнтар падкантрольнага сэпаратыстам Луганску далей блякуюць узброеныя людзі. Пра гэта паведамляюць супрацоўнікі маніторынгавай місіі АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны. Назіральнікі пры гэтым адзначаюць, што сытуацыя ў горадзе «ў цэлым спакойная».

Кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі вечарам у сераду заявіў, што тое, што адбываецца ў Луганску — гэта спроба ўзброенага перавароту, арганізаваная адхіленым ад пасады так званым міністрам унутраных спраў «ЛНР» Ігарам Карнетам. Пры гэтым, як сьцьвярджае Платніцкі, у Карнета не атрымалася захапіць уладу і «ў бліжэйшы час у гэтай справе будзе пастаўлена кропка».

Лідэр сэпаратыстаў «ЛНР» таксама абверг зьвесткі, якія зьявіліся раней у СМІ, аб тым, што ён зьбег у Расею. Паводле іншых дадзеных, Платніцкага разам з жонкай, кіраўніком яго адміністрацыі і аховай утрымліваюць у падвале. Пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

20 лістапада Платніцкі адправіў Карнета ў адстаўку. Кіраўнік МУС «ЛНР» адмовіўся падпарадкоўвацца. 21 лістапада цэнтар Луганску занялі узброеныя людзі без апазнавальных знакаў. У сераду яны штурмам узялі будынак пракуратуры «ЛНР» і захапілі яе кіраўнікоў. Перад гэтым у Луганск прыбылі некалькі дзясяткаў грузавікоў з сэпаратыстамі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», аднак пра іх удзел у канфлікце Платніцкага з Карнетам пакуль нічога невядома. Лідэры сэпаратыстаў «ДНР» не камэнтавалі тое, што адбываецца ў Луганску.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў у сераду заявіў, што Крэмль сочыць за сытуацыяй у «ЛНР». На пытаньне аб тым, ці ведае Масква, хто стаіць за абвастрэньнем абстаноўкі ў самаабвешчанай рэспубліцы, Пяскоў адказаў: «Разуменьне ёсьць».

Больш падрабязна пра спробу перавароту ў Луганску чытайце тут