Судзьдзя Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці Ўладзімер Васілеўскі аштрафаваў лідэрку «Маладых дэмакратаў» Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алену Луцковіч на 20 базавых велічыняў (460 рублёў) за плякат з надпісам «Беларуская армія — сэрыйны забойца».
Паводле актывісткі, у пастанове судзьдзі сказана пра «несанкцыянаванае публічнае выказваньне грамадзка-палітычных поглядаў — згодна з артыкулам 23.34 КаАП».
«Тое ж было напісана ў міліцэйскім пратаколе, які склаў участковы інспэктар Акцябрскага РАУС Дзьмітры Крумгольц. Можна сказаць, дажыліся: выказаў праз плякат свой грамадзка-палітычны погляд — атрымай штраф», — кажа Алена Луцковіч.
Актывістка зьвяртае ўвагу, што дзеля таго, каб пакараць яе штрафам, задзейнічалі мінімум тры міліцэйскія структуры — Менскае і Гомельскае ўпраўленьні ўнутраных спраў, а таксама Акцябрскі РАУС.
«У Менску праглядалі відэастужкі й здымкі, рабілі скрыншоты, запытвалі адпаведныя матэрыялы ў падразьдзяленьні грамадзянства й міграцыі, каб ідэнтыфікаваць жанчыну з плякатам, пісалі рапарты ды перасылалі ў Гомель, а адтуль ужо з адпаведнымі паперамі й рэзалюцыямі справу пераадрасавалі ў райцэнтар Акцябрскі (былая Рудобелка)», — кажа яна.
У кастрычніку Алена Луцковіч брала ўдзел у «Маршы абураных беларусаў», які праходзіў у Менску. Падчас несанкцыяванага ўладамі мітынгу яна трымала плякат з надпісам «Беларуская армія — сэрыйны забойца».
«Я проста жахаюся ад таго, што майму сыну давядзецца служыць у такім войску», — тлумачыла яна свой учынак Свабодзе.
Марш праходзіў неўзабаве пасьля таго, як у вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам быў знойдзены павешаным малады салдат Аляксандар Коржыч. Парадкі ў войску моцна ўстрывожылі многіх беларускіх маці, і асабліва тых, хто гадуе ў сям’і, як і Алена Луцковіч, адзінага сына.