Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заяўляе аб затрыманьні 20 лістапада трох грамадзян Украіны, якія, як сьцьвярджаюць у камітэце, парушылі мяжу.
Як паведамляе прэс-служба камітэта, двое мужчын і жанчына «наўмысна незаконна адправіліся ў Беларусь па ягады».
«Сярод затрыманых былі і тыя, каго раней прыцягвалі за падобнае правапарушэньне. Некаторым зь іх забаронена ўяжджаць у Беларусь на працягу пяці гадоў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Беларускія памежнікі дадаюць, што ў дачыненьні да аднаго з затрыманых украінцаў пачалі праверку ў адпаведнасьці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Беларусі.
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі 20 лістапада заявіў аб затрыманьні ўкраінца Паўла Шаройкі, які нібыта прызнаўся ў тым, што працуе на выведку і стварыў агентурную сетку ў Беларусі.