Калі КДБ затрымае расейскага шпіёна?

Сяргей Навумчык

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі называе арыштаванага ў кастрычніку грамадзяніна Ўкраіны выведнікам, які стварыў у Беларусі агентурную сетку.

Ці ён выведнік пад прыкрыцьцём журналіста — ці «чысты» журналіст? Пакінем гэта для дыскусій і пагодзімся з тым, што шпіянаж — стары, як сьвет, і ніякая краіна ад яго не адмаўляецца.

Але вось якая заканамернасьць. За 26 гадоў незалежнасьці доблесныя беларускія чэкісты лавілі шпіёнаў турэцкіх, італьянскіх, амэрыканскіх, польскіх, нямецкіх, цяпер вось — украінскага.

І ніколі — расейскіх.

Ці то спадкаемцы Максіма Максімавіча Ісаева-Штырліца надзвычай прафэсійна і глыбока закансьпіраваліся, ці то выведнікаў расейскіх у Беларусі зусім няма.

А магчымы і трэці варыянт, і маюць рацыю тыя, хто лічыць КДБ Беларусі і Лубянку — адной сям’ёй. А ў добрай і моцнай сям’і, як вядома, адзін за адным — не шпіёняць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.