Як піша партал Каталіцкага Касьцёла Catholic.by, апісаньне рэліквій было знойдзена ў архіўнай кнізе XVIII стагодзьдзя, складзенай падчас адной з інвэнтарызацый.
«У трыдэнцкія часы пры кожным асьвечаным алтары знаходзіліся тыя ці іншыя рэліквіі. Звычайна іх або ўмуроўвалі, або ставілі ў рэліквіярыі на алтар», — распавёў Catholic.by вікарый будслаўскай парафіі ксёндз Міхал Бубен.
Пабачыўшы згадку пра рэліквіі ў кнізе, ксёндз пачаў шукаць іх у касьцёле.
«У камуністычныя часы рэліквіі схавалі, каб зьберагчы іх. Мы знайшлі іх 14 верасьня — у дзень Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Капсула з рэліквіямі сьвятой была завернутая ў мяшочак, але знаходзілася ў касьцёле», — распавёў ксёндз Міхал Бубен.
Як адзначае партал Каталіцкага Касьцёла, рэліквіі сьвятой Кацярыны Александрыйскай — адны з самых рэдкіх у сьвеце. 25 лістапада адбудзецца ўрачыстае ўнясеньне рэліквій у будслаўскі санктуарый. Спэцыяльна для гэтага ў Будслаў прыбудзе дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Імша пачнецца а 12-й гадзіне.