Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёў 17 лістапада выплацілі першую пэнсію.
СМС пра налічэньне і пералічэньне на банкаўскую картку першай пэнсіі прыйшло на яго мабільны тэлефон.
«Гэта першая пэнсія ў маім жыцьці, цяпер я афіцыйны пэнсіянэр. Але для таго, каб атрымаць гэтую пэнсію і знайсьці гады майго стажу, што я добрасумленна адпрацаваў з 1974 года, мне давялося прайсьці цэлы шлях „пакутаў“ праз пракуратуру, праз суд, праз два раённыя фонды сацыяльнага забесьпячэньня».
Рыгор Кастусёў распавёў, што адпрацаваў на прадпрыемствах у Шклове і Магілёве галоўным інжынэрам і дырэктарам саўгаса ў Бялыніцкім раёне.
«Менавіта з антычалавечай сыстэмай я сутыкнуўся ў Бялыніцкім раёне. Я працаваў галоўным інжынэрам у саўгасе «Друць», ён зараз ОАО «Новая Друць», і саўгасе «Іскра» дырэктарам. Гэтыя гаспадаркі цяпер аб’яднаныя. За даведкамі ў гэтую гаспадарку мне давялося хадзіць чатыры месяцы. Я патрабаваў даць мне даведку з улікам усіх маіх грашовых выплат падчас працы галоўным інжэнэрам і дырэктарам, а гэта заробак, прэміі, даплаты па выніках працы за год. Але мне імкнуліся даць толькі зьвесткі пра заробак, аклад. На маё патрабаваньне ўлічыць даплаты і прэміі, а яны складалі ад 500-700 рублёў да паўтары тысячы, у бугальтэрыі ОАО «Новая Друць» прагучаў забойны аргумэнт: «Калі мы гэта ўсё ўлічым, то для вас дужа многа будзе», - сказаў карэспандэнту Свабоды Рыгор Кастусёў.
Толькі пасьля звароту ў пракуратуру і аддзел сацыяльнага забесьпячэньня Бялыніцкага раёну, а пасьля ў суд Шклоўскага раёна, дзе адбыліся тры паседжаньні, Рыгору Кастусёву ўдалося дамагчыся ўключэньня прэмій і даплат у налічэньне пэнсіі.
Гэта проста «кідалава»
«Гэта цэлая эпапэя. Бо там было такое, што згубілі некаторыя гады і месяцы. Але дзякуй богу, суд да гэтага паставіўся станоўча і разабраўся ва ўсіх нюансах. Але гэта я змог дамагчыся, бо працаваў на пасадах і разумею сытуацыю. А колькі ж людзей засталіся зь ня ўлічанымі заробкамі?!Таму тут, відаць, варта ўмяшацца Камітэту дзяржкантролю і рэспубліканскай пракуратуры. Бо я думаю, што пацярпелі не адзінкі, а можа дзясяткі і сотні чалавек на прадпрыемстве, якое цяпер ахоплівае палову Бялыніцкага раёна. Дарэчы, кіруе ОАО «Новая Друць» сэнатар Анатоль Драздоў. Але я думаю, што такая сытуацыя можа быць і па ўсёй краіне. Гэта проста «кідалава».
Першая пэнсія Рыгора Кастусёва склала 423 рублі 13 капеек.
«Мне налічылі за месяц і крыху больш. Але тут яшчэ не ўлічаныя дадзеныя, якія мне ўдалося адстаяць праз суд. Бо там адзін год прапаў, у некаторых гадах па некалькі месяцаў прапала. Калі гэта залічаць, будзе больш. Я думаю, што за 300 рублёў будзе. Гэта ўжо хоць больш-менш справядліва. Я не патрабаваў нешта лішняе, а тое, што я зарабіў».
Рыгор Кастусёў афіцыйна выйшаў на пэнсію 17 кастрычніка 2017 года.