Канцэнтрацыя танцораў на квадратны мэтар залі месцамі сягае чатырох. Сотня параў ног адбівае аднолькавы гук, пасоўваючыся наперад. Мінулымі выходнымі Горадня прыняла першую міжнародную ноч традыцыйных танцаў, на якую зьехаліся болей за сотню ўдзельнікаў зь пяці краінаў. Рыхтавалі маштабную імпрэзу трое сьціплых музыкаў-самавукаў.
«Празь дзьве-тры гадзіны тут усе — свае»
«Вось такая фігура атрымалася. Зараз падумаю, як вас адсюль вывесьці», — адна зь вядоўцаў майстар-клясаў Алена Каліноўская ўголас разважае, што зрабіць са скручаным даўгім шэрагам танцораў. У вузкіх танцавальных колах яна вядомая як вучаніца вядучага этнахарэографа Беларусі Мікалая Козенкі і выкладчыца Школы традыцыйнага мастацтва гурту «GUDA» у Менску.
Людзі, якія яшчэ некалькі гадзін таму былі ў дарозе і ня ведалі адно аднаго, сталіся адным арганізмам. У пары ставалі менчукі разам з масквічамі, а горадзенцы — зь віленчукамі.
Your browser doesn’t support HTML5
«Polka is like chick-chick-bum, chick-chick-bum, and waltz is — bum-chick-chick, bum-chick-chick», — Эдзіта Гумаўскайце зь Вільні энэргічна, расчырванеўшыся, вядзе майстар-клясу па-ангельску.
У залі гучаць таксама польская, латыская, літоўская, беларуская, расейская мовы. Удзельнікі імпрэзы прыехалі зь пяці краінаў. Часам танцоры азіраюцца і ціхенька перапытваюць пераклад інструкцыяў. Аднак часьцей у тым няма патрэбы, бо тут размаўляюць усім зразумелай мовай танца.
Штопраўда, і ў мове танца і мэлёдыі можна заўважыць асаблівасьці. «Гэта, бадай, літоўцы», — бывалая танцорка Ганка прыслухоўваецца, як за сьценкай нехта рэпэтуе.
Падчас імправізацыяў латышы, да прыкладу, пляскаюць у далоні і высока скачуць, расейцы — ідуць у скокі ды шырока размахваюць рукамі, беларусы больш стрыманыя і сарамлівыя.
«Свае? — перапытваюць арганізатары. — Праз дзьве-тры гадзіны тут усе свае. Танцы і сьпевы ня маюць межаў. Мы тут каб яднацца, а не падзяляцца».
Ініцыятыва з падворку
Гэта першая падобная падзея такога маштабу ў Беларусі. Зладзілі гістарычную падзею музыкі без адукацыі «з вуліцы». Сёлета на пачатку лета трое самавукаў — Андрэй Бароўскі, Аляксандр Жура і Андрэй Шыдла — пачалі сацыяльны праект «Танцы гарадзенскіх дваркоў». У арсэнале іхных інструмэнтаў былі гармонік, дуда, балалайка, дудка, бубны. Вечарыны пад жывую музыку ладзілі штонядзелю ў адным з унутраных дваркоў галоўнай вуліцы гораду — Савецкай.
Падобны танцавальны рух існаваў на горадзенскіх вуліцах і раней. Трыё ж сыйгравалася ўжо тры гады. Аднак посьпех прыйшоў толькі цяпер.
Рухавік ініцыятывы Андрэй Бароўскі сьціпла тлумачыць: «Мы так бавім вольны час».
«Танцы горадзенскіх дваркоў» крыху зьмянілі свае завядзёнкі.
Па-першае, месца — цяпер у самым цэнтры гораду, у дварку з добрай акустыкай і камэрнай атмасфэрай. Па-другое — час: штотыдзень, нязьменны. І гэта ня вечар пятніцы, калі многія зьяжджаюць на ўікэнд, а вечар нядзелі, калі вяртаюцца. Па-трэцяе, суполка ў сацыяльных сетках нястомна запрашае на імпрэзы, ажыла фотаздымкамі, сьвежымі відэа зь вечарынаў, пастамі-ўражаньнямі.
«Я пазнаёміўся з Андрэем улетку 2015 году, на танцах у горадзенскім яблыневым садзе, — узгадвае Андрэй Шыдла. — Разгаварыліся, зацікавіўся. Пасьля падышоў Алесь Жура з дудой. Там была дуда, жывая! Так і пачалі граць на вуліцы, на гарадзкіх сьвятах».
Алесь Жура — адзін зь нешматлікіх горадзенскіх дудароў, сам вырабляе старадаўнія інструмэнты. Ён задае сабе пытаньне, для каго і для чаго граць цяпер, калі жывы гук сышоў з масавага ўжытку, з хатаў і панадворкаў.
«Жывы гук мае несумненную каштоўнасьць для танцораў. Уласна для мяне гэта было спробай выйсьці ў народ, паказаць людзям, як гэта было яшчэ 70-100 год таму. Як гэта проста — зноў пачаць танчыць. Як арганічна ўпісваюцца традыцыйныя музыка і танцы ў прастору старога гораду. Як у эпоху электроннага трансу і татальнага паглыбленьня ў віртуальную рэальнасьць бракуе чалавечых стасункаў і эмоцыяў», — кажа ён.
«Памнож свае ідэі на сто чалавек — і зразумееш, ці варта гэта рабіць»
Ідэя міжнароднай ночы традыцыйных танцаў сьпялілася год — як толькі ўвялі пяцідзённы бязьвізавы рэжым. На фэстывалях і варштатах за мяжой горадзенскія музыкі знаёміліся з тамтэйшымі капэлямі, цікавіліся, ці госьці гатовыя прыехаць у Беларусь.
Калі ўвосень пайшла паважная гаворка, мала хто верыў, што падзея адбудзецца. Імпрэзу ладзілі сваімі сіламі, без дадатковых «уліваньняў». Да ініцыятывы далучыліся валянтэры, якія займаліся ўсім — ад разьліку прадуктаў да праектаваньня афішы.
«Памнож свае ідэі на сто чалавек — і зразумееш, ці варта гэта рабіць», — уключаў лёгіку Андрэй.
Нечакана гаспадар сядзібы «Райскі куток» у горадзенскім мікрараёне Зарыцы даведаўся пра і запрасіў да сябе імпрэзу бясплатна.
«Рытм традыцыйных танцаў патрэбны для цела і для душы»
«Ноч» сабрала перш за ўсё моладзь, якая цяпер у трэндзе, а таксама больш сталых людзей, якія звычайна адпачывалі ў вёсках.
Ганна Клімашэўская, 27 год, жыве ў Менску, танчыць два гады. Да традыцыйных танцаў прыйшла, выпадкова прачытаўшы ў сацыяльных сетках абвестку пра бясплатную майстар-клясу ў родным Маладэчне.
«Мне падабаецца ўзаемадзеяньне ў пары. Калі твой партнэр патрапляе, у вас усё атрымліваецца. Гэта магія. Адзін арганізм, адзін чалавек. Вы віруеце недзе ў іншым месцы, — кажа яна. — Але ня кожны партнэр пасуе. Я інтравэрт. Мне важна, каб ён паважаў маю прастору. Бывае, чалавек дасьведчаны, у конкурсах удзельнічае, але мне зь ім няўтульна».
Дзяўчына бывала на «Ночы мазуркаў» у Варшаве. Упэўненая, што палякі болей дасьведчаныя ў традыцыйных танцах. У іх гэтае захапленьне пачалося гадоў на дваццаць раней. Літоўцы, як яна адчувае, больш імправізуюць, дадаюць сучасныя «фішкі».
Прыемна, што танцы вяртаюць да каранёў
«Я пачала ўзгадваць, як мяне ў дзяцінстве тата вучыў танцаваць вальс і польку. Бо ў яго бабуля так танчыла. Прыемна, што гэта вяртае да каранёў. Танцы ніколі не існуюць самі па сабе. За імі звычайна ідуць сьпевы, прыпеўкі, гуляньні, каляды», — кажа Ганна Клімашэўская.
Спадарыня Людміла прыехала з дачкой Аленай з Маладэчна. Яна памятае, як дзяўчынкай танчыла ў вёсках на сьвяты. Апавядае, як дарослыя разам зь дзецьмі зьбіраліся на кракавяк, падыспань, вальс, полькі, але ўжо ў 1970-я традыцыя зьнікла — у моду ўвайшлі «хіпаўскія» шэйкі ды твісты.
Танцор Пятро Цалка зь сябрамі ехаў хіба даўжэй за ўсіх — з Гомля. Кожныя суботу і нядзелю яны ладзяць танцы ў сябе.
«Гэта цымус жыцьця. Мы спрабавалі лацінаамэрыканскія танцы, але натура патрабуе свайго. Рытм традыцыйных танцаў патрэбны для цела і для душы. Разумееш глыбіню. Тут няма такога, што мяне сюды прыгналі, я правяду майстар-клясу і ўсё. Гэта адмыслоўцы, якія ня проста з высокіх трыбун кажуць пра значнасьць традыцыі, а ідуць і танчаць», — кажа гамяльчук.
«Традыцыйныя музыка і танцы былі страчаныя. І мы зноў спрабуем іх знайсьці»
Выкладчыца Лаўра Аксіта з Рыскага клюбу народных танцаў займаецца гэтай справай ужо 20 год.
На ейнае адчуваньне, традыцыйныя танцы — гэта нешта сапраўднае. У іх ёсьць дакладная структура, адрозна ад «лаціны», напрыклад. Латыскія танцы вылучаюцца тым, што іх танчаць толькі хлопец зь дзяўчынай. Дзьве дзяўчыны не становяцца ў пару, адныя дзяўчаты не становяцца ў кола. Радзей танчаць у тройках. Латышы вельмі любяць пляскаць у далоні і кружыцца. Скачуць не на ўсім ступаку, а на насочку. Таму ім цяжка вучыць беларускія і ўкраінскія танцы.
«Да нас часта прыяжджаюць сябры зь Беларусі на майстар-клясы. Некалькі беларускіх танцаў народ ужо палюбіў, напрыклад, „Суботу“. Адно што трэба дадаць яшчэ адзін паварот, яшчэ раз пляснуць у ладкі», — распавядае Лаўра.
Танцорку Эдзіту Гумаўскайце з Вільні ўжо добра ведаюць у Беларусі.
Іхны танцавальны клюб вучыць сьпевам і танцам канца XIX — пачатку ХХ стагодзьдзя. Мэта — навучыць ня толькі харэаграфіі, але і стылю. Як рухацца, узаемадзейнічаць. Як кожны можа далучыцца, паўтараць за іншым і стаць найлепшым танцорам на пляцоўцы.
«Традыцыйныя музыка і танцы былі страчаныя. І мы зноў спрабуем іх знайсьці, — кажа Эдзіта. — Гэта тое, што ты вельмі добра адчуваеш у крыві, але на што забыўся. Спрабуеш зразумець, хто такі літовец, што такое Літва. У танцах і музыцы вельмі проста паказаць, хто я. Гэта спосаб правесьці вольны час. Танцы становяцца ўсё больш папулярнымі ў Літве. Менавіта ў горадзе, а ня ў вёсках».
Танцы становяцца ўсё больш папулярнымі ў Літве. Менавіта ў горадзе
Паводле літоўскай госьці, па Эўропе танцы падарожнічалі бязь межаў, як птушкі. «Усе суседнія народы маюць нешта агульнае. Музыка розьніцца. Хтосьці дадае болей солі, хтосьці болей цукру. Але мы ўсе ствараем адзіную музычную супольнасьць: літоўцы, эстонцы, латышы, беларусы», — перакананая яна.
Выкладчык Дарыюш Крышпінюк з Беластока займаецца танцамі на сцэне з 16 гадоў. Тры гады таму паспрабаваў традыцыйныя танцы ды пачаў ладзіць уласныя заняткі. Празь іх прайшлі каля паўтысячы чалавек. Сабраў капэлю. Музыкі граюць рэпэртуар пана Юшкевіча, які нядаўна памёр ва ўзросьце 104 гадоў. Дарыюш пачаў сьпяваць. Спрабуе граць на старой дзедавай скрыпцы.
«Сцэна настроеная на гучнасьць, на эфэкт, як вышэй за ўсіх падскочыць. А ў традыцыйных танцах важнейшыя адносіны, — тлумачыць ён. — Добры танцор той, зь якім прыемна танчыць дзяўчыне, а ня той, хто ўвесь час паказвае сябе. Найлепшая танцорка тая, якая адчувае сола партнэра і рэагуе як трэба. А галоўнае — усьмешлівая».
Дарыюш Крышпінюк тлумачыць, што яны пасьля танцаў ходзяць разам на каву, на канцэрты, бо хоць «маем тэлефоны, кампутары, а бракуе непасрэдных камунікацыяў зь людзьмі».
За традыцыйнымі танцамі абавязкова ідзе беларуская мова
«Хоць мы зь беларусамі суседзі, але ведаем пра вас вельмі мала. Мне даспадобы, што людзі тут прыходзяць на забаву ў строях, бо ў нас такога няма. Летась я быў у Васіля Грыня на танцах пад Маладэчнам. Там упершыню пачуў, як усе размаўляюць па-беларуску. За традыцыйнымі танцамі абавязкова ідзе беларуская мова, народны строй. Думаю, гэта вельмі важна», — кажа беластоцкі госьць.
«Смак імпрэзы — што ўсё было па-простаму, без пафасу»
«Дагэтуль сам сабе ня веру, што гэта адбылося. Зьезд друідаў, — сьмяецца адзін з арганізатараў імпрэзы Андрэй Шыдла. — Гарэла ўсё пад нагамі, хацелася скакаць, і скакаць, і скакаць. Не было канфліктаў, маўляў, нехта дрэнна танчыць або кепска грае. Смак імпрэзы — што ўсё па-простаму, бяз пафасу, прамоваў. Я разьлічваў на значна менш людзей. А сабраліся каля 130 чалавек».
Рухавік ініцыятывы Андрэй Бароўскі кажа, што экспэрымэнт, пошук і жаданьне — каталізатары, якія дазволілі ператварыць звычайную забаву вулічных музыкаў у сацыяльны праект «Танцы горадзенскіх дваркоў».
«Кожны з нас прайшоў свой шлях да традыцыйнай музыкі і танцаў. Частку жыцьця мы прысьвячаем вывучэньню харэаграфічна-музычнай спадчыны. Спрабуем данесьці яе да зацікаўленых горадзенцаў. Гэты праект мае добрыя пэрспэктывы разьвівацца», — перакананы Андрэй Бароўскі.
І цалкам магчыма, што першая міжнародная «Ноч традыцыйных танцаў» у Беларусі не стане апошняй.