У Менску выйшла кніга гутарак з Папам Францішкам у перакладзе на беларускую мову

Ілюстрацыйнае фота

Агляд кніжных навінак ад выдавецтва «Медысонт».

Гэтыя кнігі можна назваць лекамі для душы. А можна — дапаможнікамі для дасягненьня посьпеху. Ці падказкамі, як перастаць мітусіцца і стаць шчасьлівым. Выдавецтва «Медысонт» рэкамэндуе чытанкі, якія дапамогуць усталяваць гармонію мараў і магчымасьцяў.

Францішак. «Імя Бога — Міласэрнасьць»

Пасьля абраньня кардынала Хорхэ Бэрголіа на пасад сьвятога Пятра ў сакавіку 2013 году ключавой ідэяй яго пантыфікату стала ідэя міласэрнасьці. Ватыканскі рэпартэр Андрэа Тарніелі задаў Папу Францішку пытаньні, што азначае для яго гэтая ідэя і як праяўляецца ў ягоным асабістым жыцьці. Адказы пантыфіка і склалі гэтую кнігу. На яе старонках і ўспаміны з маладосьці, і эпізоды са свайго пастырскага досьведу, і прычыны абвяшчэньня 2016 году Годам міласэрнасьці. І ўрэшце галоўны пасыл пра тое, што «міласэрнасьць — гэта Божае дзеяньне, якое ахінае нас, гэта адданасьць Бога, які шчыра прымае нас, сьпяшаецца нам прабачыць. Ён сказаў, што прыйшоў не да праведнікаў, а да грэшнікаў. Ён прыйшоў не да здаровых, якім лекар не патрэбны, а да хворых».

Кнігу-інтэрвію папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасьць» (Il nome di Dio è Misericordia) на беларускую мову пераклаў супрацоўнік беларускай рэдакцыi Ватыканскага радыё Аляксандр Панчанка.

Надежда Навроцкая. «Маленькие шаги большой души. Путь 1»

Аўтарка кнігі — псыхоляг, арт-тэрапэўт, інструктар нэўраграфікі і проста добры доктар. Яна аўтарка шматлікіх праграмаў і трэнінгаў па раскрыцьці ўнутранага патэнцыялу, аздараўленьня, самадапамогі. І стваральніца ўласнай мэтодыкі паглыбленага арт-чытаньня. Кніга-альбом «Маленькие шаги большой души» якраз і прызначаная дапамагчы чытачам разабрацца з сабой з дапамогай гэтай мэтодыкі.

У ёй ня проста набор псыхалягічных практыкаваньняў. Гэта падказка маршруту па закутках уласнай душы, разгледзеўшы якія, чытач можа істотна зьмяніць іх. Аўтар скіроўвае сваю арт-тэрапію да тых, хто хоча стварыць гармонію ў сваім складаным унутраным сьвеце, але зь нейкай прычыны ня можа зьвярнуцца па дапамогу да спэцыяліста. Менавіта да іх і адрасаваная гэтая адмысловая кніга.