Адноўлены суд над «французам з патронам», з клеткі яго перасадзілі ў «акварыюм»

У Гомелі судзяць француза за патрон, перавезены празь мяжу. Фотагалерэя

17 лістапада Гомельскі раённы суд аднавіў працэс над грамадзянінам Францыі Жалянам Віё , якога абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні празь мяжу боепрыпасаў і незаконным абарачэньні забароненых рэчываў.

Старшынюе, як і ў першым паседжаньні, судзьдзя Тамара Застаўнецкая.

Судзьдзя Тамара Застаўнецкая. 15 лістапада 2017 году

​24-гадовага француза затрымалі 21 верасьня на памежным пункце пропуску Новая Гута, пасьля чаго ён быў зьмешчаны ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3, дзе ўтрымліваецца дагэтуль. Мытнікі сьцьвярджаюць, што Віё пешшу перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу і не задэкляраваў патрон. Сам падарожнік у лісьце на волю пісаў, што стаў у «чырвоны калідор», каб задэкляраваць рэчы і патрон, падораны яму польскім сябрам, аднак сутыкнуўся з моўным бар’ерам з боку беларускіх службоўцаў.

Прадстаўнікі амбасады Францыі (у першым шэрагу). 15 лістапада 2017 году

Паседжаньне перанесена зь цеснай залі Гомельскага раённага суду ў будынак абласнога суду. Там больш прасторна, зьмясьціліся ўсе ахвотныя. Як адзначае на сваёй старонцы ў Facebook праваабаронца Леанід Судаленка, абвінавачанага гэтым разам трымаюць не ў жалезнай клетцы, а ў «акварыюме».

Прыехалі прадстаўнікі амбасады Францыі, а таксама жыхаркі Менску Тацяна Мурашка і Марыя Косьцій, якія хацелі ўзяць Жаляна Віё на парукі, але суд іхнае хадайніцтва не задаволіў.

Тацяна Мурашка і Марыя Косьцій. 15 лістапада 2017 году

Сёньня дапытваюць панятых. Першай задавалі пытаньні страхавому агенту Натальлі.

«Калі мы зайшлі ў пакой надгляду, нам паказалі патрон, які ляжаў на стале. Усяго ў пакоі было пяць чалавек. Пра маркіроўку патрона ня памятаю, каб называлі. Асоба, якая была ў якасьці перакладчыка, пры нас пратакол не падпісвала. Са слоў перакладчыка я зразумела, што грамадзянін Францыі «забыўся патрон».

Адвакат Жаляна Віё Дзьмітры Пяткевіч. 15 лістапада 2017 году

Другая сьведка Марыя Бурлак патлумачыла, што іх не знаёмілі з тымі, хто прысутнічаў падчас агляду «боепрыпасу». Ніхто патрон пры іх не замяраў, маркіроўку не называў.

«Пры мне пакет з патронам не апячатваўся, пратакол агляду не чыталі», — сказала Марыя.

Агулам за ўчыненыя «злачынствы» — незаконная перавозка агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконнае абарачэньне атрутных рэчываў (ч. 1 333-1 КК) — Жаляну Віё пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.