17-га лістапада пайшоў трэці месяц, як шукаюць у Белавескай пушчы 11-гадовага Максіма Мархалюка. Пошукавая апэрацыя не спыняецца ні на дзень, але навінаў пра Максіма так і няма.
Мама Максіма, спадарыня Валянціна, сказала Свабодзе, што мае пастаянную сувязь зь міліцыянтамі, толькі вось навінаў ніякіх ад іх няма:
«Мне кажуць, што пошукі працягваюцца. Цяпер гэтым займаюцца міліцыянты і вайскоўцы, але ўсё па-ранейшаму без вынікаў. За столькі часу ўжо зразумела, што ў лесе яго няма, але пошукі працягваюцца як у лесе, так і на балотах».
Яна дадае, што Максім сьніўся ёй, маўляў, як раней жылі ў хаце, але і ў снах ніякай падказкі, дзе б ён мог быць, няма.
«Маё сэрца чуе, што ён недзе ёсьць, таму і надзею дагэтуль ня трацім, што Максім знойдзецца».
Афіцыйныя паведамленьні прэс-службаў УУС і Сьледчага камітэту таксама тлумачаць СМІ, што пошукі працягваюцца, але пакуль безвынікова. Асноўная вэрсія застаецца ранейшай — хлопчык зьнік у лесе.
Зьніклага 16 верасьня ў Белавескай пушчы Максіма Мархалюка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Сьледчы камітэт Беларусі. Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблудзіў у лесе.
Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 11-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22-й гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.
Your browser doesn’t support HTML5
У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.
Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, пазьней супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.