Зыгмар Габрыэль плянуе сустрэцца ў Менску зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Фэдэральны міністар таксама возьме ўдзел у XV Менскім форуме, які пачнецца 16 лістапада ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў.
17 лістапада Зыгмар Габрыэль сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў пасол Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды.
— Міністар замежных спраў прылятае раніцай. Потым пройдзе гутарка з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Плянуецца двухбаковая гутарка зь міністрам замежных спраў Беларусі Макеем. І потым плянуюцца выступы абодвух міністраў падчас Менскага форума, пасьля чаго ён адразу адлятае ў Нямеччыну. Гэта вельмі насычаная праграма».
— Ці азначае, гэты візыт нейкую новую фазу ў дачыненьнях паміж ФРГ і Беларусьсю?
— Што тычыцца новага пэрыяду ў нашых адносінах, то я думаю, што не. Але гэта проста пацьвярджае добры стан нашых дачыненьняў, таму я рады, што міністар замежных спраў знайшоў час, каб прыехаць сюды і пацьвердзіць гэта.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, пасол ФРГ таксама сказаў, што рашэньне ўзначальваць ці не беларускую дэлегацыю на саміце «Ўсходняга партнэрства» у Брусэлі можа прыняць толькі сам Лукашэнка.
Але тут гаворка ідзе не пра канцэрт па заяўках
«Мы спадзяемся, асабіста я спадзяюся і хацеў бы, каб ён прыняў у гэтым удзел. Але тут гаворка ідзе не пра канцэрт па заяўках жадаючых, а пра расстаноўку палітычных прыярытэтаў, пра палітычнае рашэньне, якое можа прыняць і прыме толькі ён».
Гэта першы з 1995 году «двухбаковы» візыт фэдэральнага міністра замежных спраў Нямеччыны ў Беларусь, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
У 1995 годзе Менск наведаў з аднадзённым візытам міністар замежных спраў ФРГ Клаўс Кінкель, тады ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году ў Менску пабываў міністар замежных спраў ФРГ Гіда Вэстэрвэле. Ягоны візыт праходзіў разам зь візытам міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Гіда Вэстэрвеле заклікаў улады Беларусі ажыцьцявіць дэмакратычныя рэформы і правесьці свабодныя прэзыдэнцкія выбары. Толькі ў гэтым выпадку магчыма далейшае збліжэньне з ЭЗ, заявіў тады ён.